Беларусы "парвалі" фестываль "Соседний мир" (Фота)
Кожны дзень оўпэн-эйра запомніўся наведвальнікам выступам мінскіх гуртоў, беларусам даверылі і закрыццё міжнароднага фэсту ў Керчы.
"Ты был в Керчи? Не был, так молчи!" - амаль кожны мінак з усмешкай цытаваў песню "Ляписа Трубецкого" на пляцоўцы фестывалю "Соседний мир". "Ляпісы" сталі галоўнымі хэдлайнерамі оўпэн-эйра на гарадскім пляжы Керчы, таму і трэк з аднайменнай назвай мог быць сапраўдным гімнам сёлетняга фэсту.
Першы дзень фэсту, гурт Pur:Pur
Але літаратары, якія адкрывалі кожны дзень "Соседнего мира" чытаннем вершаў, вырашылі дадаць уласнага каларыту. На адкрыцці наведвальнікаў раптоўна запыталі: "Хто помер?". Такім чынам паэты вырашылі ўзгадаць ужо даволі старую фішку са смерцю рэпера Guf, якая некалі актыўна абмяркоўвалася і тролілася ў інтэрнэце. Гэта быў своеасаблівы сцёб у падтрымку рэпера, які стаў адным з хэдлайнераў першага фестывальнага дню.
Жывы, але закіданы памідорамі Guf
Але, нягледзячы на залішне частае ўпамінанне "Гуфа", а можа, і менавіта з-за яго, рэпера сустрэлі памідорамі і некалькімі сотнямі людзей пад сцэнай. Рэакцыя была нечаканай і чаканай адначасова: "Чё ты из толпы кидаешь? Давай, б.. подойди под сцэну и кинь! Или сц..шь?". Карацей, сумнеўная ідэя арганізатараў, сумясціць і рэп і рок, правалілася.
У "Прэзерватыўнай" прадаваліся цукеркі, значкі, кулоны, усё розных памераў, але аднаго прызначэння - пажартаваць над сябрам
"На нашу думку, усё добра атрымалася, - здзіўляюцца з'едлівым пытанням арганізатары і "з'язджаюць" чарговым "агульным" зваротам да непасрэднай дыслакацыі фэста. - У першую чаргу, мы самі задаволеныя! Тут усё дастаткова кампактна, ёсць велічэзны пясчаны пляж, розныя забавы (пляжны футбол ды валейбол, кіназала, невялічкія выставы мастакоў ды фотамастакоў, slackline ды водная горка - заўв. Еўрарадыё). Людзі не бадзяюцца без справы. Усё дастаткова камфортна, але мы будзем уважліва прыслухоўвацца да водгукаў, нешта змяняць і рухацца наперад".
Людзі забаўляліся самастойна, актыўных хапала!)
Своеасаблівая гарбатня з абсалютна роооознымі відамі гарбаты
У валейбол, ці футбол Еўрарадыё не здолела пайграць... спужалася
Музыкі адпачывалі на пляжы побач з прыхільнікамі, ніякіх ВІП зонаў не было
Тое, што асноўным аргументам арганізатараў стала "рознабаковасць "Соседнего мира", маўляў, на ім прадстаўленыя абсалютна розныя пласты сучаснай культуры, пайшло на карысць беларускім музыкам. Першы дзень, на думку большасці прысутных, з якімі Еўрарадыё давялося паразмаўляць, застаўся ў памяці дзякуючы ракабілі ад першага выступоўцы малой сцэны, гурта "Инельгидис", ды шоў ад мінскай "Серебряной свадьбы".
Публіка, якая раней толькі чула "Серебряную свадьбу", была сапраўды ўражаная іх шоў
Кабарэ-бэнд можна смела назваць хэдлайнерамі першага дня фестывалю, бо ні вышэй згаданы Guf, ні любімы беларускай моладдзю Noice MC, не здолелі сабраць і паловы аўдыторыі Бенькі і кампаніі.
На сярэдзіне выступу Noice MC музыкі наўпрост сыйшлі купацца і Іван Аляксееў выканаў некалькі песень з тэхнікамі гурта
Кожны дзень "Соседнего мира" пачынаўся зарадкай ад піцерскага гурта "Скворцы Степанова", які два гады таму перамог у расійскім фінале фестывалю Emergenza. Музыкаў гэтым разам не запрасілі выступаць на оўпэн-эйры і яны вырашылі падмазацца самі.
Lori!Lori! скаціліся некалькі разоў з горкі ў ваду і выйшлі на сцэну
"Насамрэч, цяпер мы будзем усімі праўдамі і няпраўдамі прабівацца на гэты фестываль, - жартуюць "Скварцы". - Цяпер вы ад нас ужо не пазбавіцеся. Калі трэба, мы і начную зарадку будзем праводзіць!"
Louna крыху дадали рокавасці "Соседнему миру"
"Торба на круче" хоць і стараліся адыграць праграму без старых песень але ад "Интернет" і "Я не псих" адмовіцца не здолелі
І сапраўды, не запланаваныя піцерцы здолелі выбіць сабе выступ на закрыцці галоўнай сцэны ў другі дзень пасля "Торбы на круче", Валентина Стрыкало, "Animal ДжаZ" ды гурта "Бумбокс". Нягледзячы на вельмі ўдалы лайн-ап, чамусьці ніводзін з пералічаных гуртоў не апраўдаў чаканняў публікі і не стаў запамінальнай разынкай другога дню. Натуральна, іх выступамі засталіся задаволеныя толькі самыя адданыя фанаты.
На прэс-канферэнцыю замест журналістаў запусцілі непаўнагадовых прыхільніц Валянціна Стрыкала, таму і "прэсухі" лічы што не было
Animal ДжаZ чамусьці прайшлі амаль незаўважна, можа спёка, а можа і проста настрою не было
Ну, хіба, "Бумбокс" здзівіў тым, што дазволіў прысутным паспяваць свае песні. Звычайна вакаліст Андрэй Хлывнюк не спявае свае песні так, як мы іх чуем на запісе, падаецца, ён проста ніколі не паўтарае мелодыку сваіх песень, але на фэсце, відаць, ён трымаў сябе ў руках.
А вось Бумбокс адпрацаваў на ўсе 100%, калі параўноўваць з выступамі папярэдніх гуртоў другога дня
А вось выступ пераможцаў беларускага адбору на "Соседний мир" фанк-гурта Step Hall выклікаў нечаканую, але такую пажаданую для музыкаў рэакцыю. Натуральна, а 17-й гадзіне народу пад сцэнай няма ніколі. Асноўныя масы фестывальшчыкаў размеркаваныя па пляжы, чэргах за півам ці ў прыбіральню з душам. Але запал ды энергетыка кожнага з музыкаў Step Hall здолела прымусіць рухацца нават таго, што ўжо гадзіну спаў "стомленым сном" побач з уласным ручніком каля вады.
"Ты паглядзі на мяне, на хлопцаў, усе шчаслівыя, задаволеныя, - радуецца першаму вялікаму фестывалю ў жыцці Step Hall лідар гурта Андрэй Бібікаў. - Людзі падыходзілі, але падыходзілі больш да нашай духавой секцыі, і ў асноўным дзяўчаты... а таксама да бэк-вакалістак. Але да мяне не падыходзілі, відаць, я быў вельмі памяты і суворы пасля выступу:) Калі сур'ёзна, то падыходзілі, цікавіліся, хто мы, што мы... шмат хто быў вельмі здзіўлены тым, што ў Беларусі ёсць такая музыка, прычым, як высветлілася, не на самым дрэнным узроўні".
Нават вядучы быў так уражаны, што дадаў хлопцам часу на некалькі песень, а потым абсалютна сур'ёзна выказаў здзіўленне чаму Step Hall адкрываюць, а не закрываюць сцэну.
Сярод цяжкіх "суседзяў" адзначыўся гурт СЛОТ, сабраўшы нават прыхільнікаў больш лёгкай музыкі
Апошні дзень для большасці праходзіў, так бы мовіць, "на валізах". Людзі адрываліся на пляжы, як апошні раз у жыцці, некаторыя так жа аддана "запраўляліся" ячменным напоем, але ўсе падводзілі першыя вынікі фэсту ды выказвалі прадчуванні фінальнага канцэрту...
Сяргея Бабкіна веееельмі чакалі, але не так, як Сяргея Міхалка
Бліжэй да ночы вялікая колькасць намётаў знікала і народ з заплечнікамі пацягнуўся шукаць найбольш зручнае месца пад галоўнай сцэнай. Ад 24-й гадзіны там выступіў "Ляпис Трубецкой", а пасля была "Беларуская ноч", якая закрыла Керчынскі фестываль "Соседний мир", але пра гэта ў наступнай справаздачы на Еўрарадыё.