Белнафтахім: Не папярэджваць пра падаражанне — наша інфармацыйная палітыка

111025 Luka6uk Benzin.mp3

Калі аб падаражанні прадуктаў паведамляецца за некалькі дзён, то пра новыя кошты на бензін аўтамабілісты даведваюцца, толькі калі прыязджаюць на запраўку. Еўрарадыё высветліла, чым цукар адрозніваецца ад паліва і чаму “Белнафтахім” засакрэчвае кожнае падаражанне бензіну.

Паводле слоў прэс-сакратара "Белдзяржхарчпрама" Юліі Бальшаковай, яны спецыяльна паведамляюць людзям аб новых коштах на той ці іншы прадукт, як толькі іх зацвердзяць у Мінэканомікі. І не баяцца ажыятажнага попыту на гэты тавар у крамах.

Юлія Бальшакова: “Інфармацыя павінна быць даступная і празрыстая. І наш канцэрн прытрымліваецца такога пункта гледжання. Хоць для нашых прадпрыемстваў гэта (ажыятажны попыт на тавар, які даражэе — Еўрарадыё) не выгадна — мы б інакш гэтую прадукцыю прадалі на экспарт. Але трэба забяспечыць нашага спажыўца па поўнай запатрабаванасці. Хочуць яны 50 кілаграмаў цукру ў год — няхай ядуць!”

А менавіта столькі, згодна з папярэднімі падлікамі, за бягучы год з’есць цукру кожны беларус. Прадстаўніца канцэрна прызнаецца, што за гэты год іх прадпрыемствы навучыліся працаваць у рэжыме аўралу — бывала, што цукар у крамы адгружалі нават начамі.

А вось у “Белнафтахіма”, кажа прэс-сакратар Марына Касцючэнка, загадзя пра чарговае падаражанне не кажуць спецыяльна — такая палітыка канцэрна.

Марына Касцючэнка: У нас такая інфармацыйная палітыка. Мы не лічым мэтазгодным паведамляць загадзя такую інфармацыю.

Еўрарадыё: І нават за некалькі гадзін да змены коштаў?

Марына Касцючэнка: Так, у нас склалася пэўная практыка, і мы яе прытрымліваемся.

Еўрарадыё: Такім чынам, толькі на наступны дзень, калі кошты змяніліся, вы інфармацыю і ў сябе на сайце выстаўляеце?

Марына Касцючэнка: У момант змянення коштаў — мы паведамляем пра гэта на сайце.

Нагадаем, сёлета паліва на аўтазапраўках даражэла ажно 9 разоў. Апошні раз — 16 кастрычніка. І тады ж улады папярэдзілі, што да канца месяца будзе яшчэ адно падаражанне. Праўда, не ўдакладнілі, у які дзень яго чакаць.

Такая нявызначанасць спарадзіла ў мінулую пятніцу чуткі аб чарговым падаражанні паліва на наступны дзень — 22 кастрычніка. Як вынік — вялізныя чэргі на запраўках. Тады ж дасведчаныя крыніцы паведамілі Еўрарадыё, што падаражэе паліва ў сярэдзіне бягучага тыдня. Але прэс-сакратар канцэрна “Белнафтахім” Марына Касцючэнка і ў аўторак 25 кастрычніка заяўляе, што пра новае павышэнне коштаў нічога не ведае.

Эканаміст Леанід Заіка кажа, што нічога ад эканомікі ў такой інфармацыйнай палітыцы “Белнафтахіма” няма — баяцца яны не ажыятажнага попыту на паліва ў апошнія дні перад падаражаннем, а сацыяльнага выбуху.

Леанід Заіка: “Калі вы хочаце арганізаваць нейкі сацыяльны пратэст, рух, выбух, убачыць людзей на вуліцах — паведаміце, што ў сераду паліва будзе каштаваць 7 тысяч — і вы атрымаеце эфект, якога так баіцца ўлада”.

На яго думку, прапанову па новых коштах прэм’ер Мясніковіч ужо паклаў на стол кіраўніку краіны. І кошты гэтыя — не ніжэй за 7 тысяч за літр. Але разуменне наступстваў такога рашэння пакуль спыняе ад яго прыняцця. Што тычыцца “сапраўднага” кошту на паліва, то эканаміст вылічыў яго лёгка.

Леанід Заіка: “Мы набываем па 424 долары за тону нафту ў Расіі — Расія дае гэтыя 7 мільёнаў тон нафты спецыяльна для ўнутранага спажывання. Дадамо да гэтага кошту яшчэ 50% — прыбытак, выдаткі, падаткі, перапрацоўку ды іншае, і атрымаем, што дзесьці 60-70 цэнтаў паліва магло б каштаваць у нас. Атрымліваем — 5 тысяч кошт паліва. Калі не хлусіць, калі не халтурыць з коштамі, калі не дурыць галаву тым, што нафта каштуе 800 долараў”.

Сапраўды, Беларусь набывае нафту па 800 і больш долараў за тону — у Азербайджане. І, па словах эканаміста, гэтую суму ўкладаюць у кошт паліва на запраўках. Хаця беларусы мусяць запраўляцца выключна “пуцінскім” бензінам — з нафты па 424 долары за тону.

Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі