Бішкек заявіў у ААН пра нявыдачу Беларуссю Курманбека Бакіева
Пра гэта сказаў у чацвер спікер парламента Кыргызстану Асілбек Жээнбекаў, выступаючы на 67-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.
“Мы ўсё яшчэ спадзяемся, што ўлады Беларусі, якая з'яўляецца саюзнікам Кыргызстана ў рамках АДКБ і ЕўрАзЭС і якая ўзяла на сябе абавязанні ў рамках палажэнняў Мінскай і Кішынёўскай канвенцый, праявяць сваю прыхільнасць міжнародна-прававым абавязацельствам і выдадуць сваякоў і набліжаных былога прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева, якія хаваюцца на яе тэрыторыі і нават маюць беларускія пашпарты”, — цытуе ІТАР-ТАСС спікера.
Афіцыйны Бішкек неаднаразова патрабаваў ад Мінска выдачы сваякоў Бакіева, аднак да гэтага часу не выкарыстаў для гэтага трыбуну Аб'яднаных Нацый. Звяртаючыся да прысутных у зале, Асілбек Жээнбекаў падкрэсліў, што “былое кіраўніцтва Кыргызстана і яго найбліжэйшае атачэнне пераследуюцца “не па палітычна матываваных справах”, а “абвінавачваюцца ў канкрэтных злачынных, крымінальна-карных дзеяннях”.