Чаму за 20 гадоў у Беларусі не з’явілася ніводнага Народнага паэта?

Каб высветліць, каму і за што могуць даць званне Народнага паэта, тэлефануем у Міністэрства культуры. Начальнік аддзела па рабоце з кадрамі Ірына Васілеўна Анціпенка імгненна зачытвае нам урывак з “Закона аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь”.

Ірына Анціпенка: “Ганаровае званне “Народны паэт Беларусі” надаецца не раней чым праз 5 гадоў пасля надання ганаровага звання “Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусі” паэтам за асаблівыя заслугі ў развіцці паэтычнай творчасці, стварэнне высокамастацкіх твораў, якія здзейснілі выбітны ўнёсак у айчынную літаратуру і атрымалі шырокае грамадскае прызнанне”.

То бок, калі паэт не мае звання Заслужанага дзеяча культуры — пра Народнага можна пакуль забыцца. А хто ж цягам апошніх 5 гадоў атрымаў такое званне, хто патэнцыйны Народны паэт? Высвятляецца, што такі чалавек усяго адзін.

Ірына Анціпенка: “Хвілінку, я падыму сваю базу… 2011 год… Не было, толькі аднаму мастаку… 2010 год… Таксама толькі адзін мастак. 2009 год адкрываю… 2008… О! Саюз пісьменнікаў Беларусі — Карызна. Так, наступны год ужо 5 гадоў, як пройдзе, — можна яго ўжо і на Народнага паэта”.

Ірына Васілеўна распавядае, што вылучыць на высокае званне можа грамадскае аб’яднанне ці тая арганізацыя, дзе працуе творца. У якасці прыклада грамадскага аб’яднання называе Саюз пісьменнікаў — адзін ці другі. Потым працэдура выглядае пакручаста.

 

Ірына Анціпенка: “Спачатку яны прапанову ў сябе на сходзе разгледзелі, потым у адміністрацыю раёна пайшло, потым ідзе ў Мінгарвыканкам па подпіс Ладуцькі, потым да нас, потым мы аддаем, яны складаюць усе паперкі — і ў Савет міністраў. Далей пайшлі на праверку ў Савет бяспекі, правяраюць, разглядаюць — і ідзе ў Адміністрацыю прэзідэнта. Званне надаецца ў выніку ўказам прэзідэнта”.

Можна здагадацца, які будзе лёс прапановаў “нячэснага” Саюза пісьменнікаў. А чаго ж не рупіцца Саюз пісьменнікаў Беларусі пад кіраўніцтвам Мікалая Чаргінца?

Мікалай Чаргінец: “Не, мы не прадстаўлялі пакуль нікога. У нас розныя думкі ў прэзідыуме наконт гэтага звання. Што такое “Народны”? Ні ў адной краіне няма такога — “Народны”. Гэта калісьці было такое ў час Саюза”.

Мікалай Чаргінец

Прапануем Мікалаю Іванавічу ўсё ж паразважаць, хто з яго падначаленых варты такога прызнання. Нечакана Мікалай Чаргінец называе першым… Уладзіміра Карызну!

Мікалай Чаргінец: “Першы з іх — гэта, канешне, Карызна Уладзімір Іванавіч. На яго музыку напісана больш за 300 песень… Тая ж Раіса Баравікова… Той жа Уладзімір Гніламёдаў… У нас ёсць цэлы шэраг вартых людзей, якіх можна прадстаўляць”.

Вырашаем зрабіцца нахабнымі — і пытаемся, а чаму сам Чаргінец дагэтуль не мае звання Народнага пісьменніка: столькі ж кніжак напісаў.

 

Мікалай Чаргінец: “Вы ведаеце, так склалася маё жыццё, што я ўвесь час служу дзяржаве, на дзяржаўнай працы. І, канешне, мяне ацэньвалі ў першую чаргу як супрацоўніка дзяржаўнай сферы”.

Мікалай Чаргінец кажа, што ведае ўсё закуліссе гэтага звання. І ў тым, што яго ўжо 20 гадоў нікому не надавалі, вінаваціць… Ніла Гілевіча, які сам стаў Народным паэтам у 1991 годзе!

Мікалай Чаргінец: “Гэта паставіў пытанне Ніл Гілевіч, ён тады працаваў у парламенце, якраз узначальваў камісію гэтага профілю па культуры. Яго была ініцыятыва. Потым яму падказалі: аднаго цябе не варта, трэба яшчэ некага. Ну вось Барадуліна. А тады, я памятаю, ішла размова, Гілевіч казаў, што ўсё, на гэтым крыж, больш не будзе Народных”.

Ніл Гілевіч

Рыгор Барадулін ускосна пацвярджае, што такая інтрыга мела месца 20 гадоў таму.

Рыгор Барадулін: “Гэта ідэя была Бураўкіна, яе падтрымаў Станіслаў Шушкевіч. Таму што наш перадапошні Народны страшэнна не хацеў, каб пасля яго каму-небудзь давалі. Наш “самалюбімы” паэт. А па мне, хай даюць усім”.

Рыгор Барадулін

Каго Рыгор Барадулін бачыць у якасці свайго наступніка, каму варта надаць такое званне?

Рыгор Барадулін: “Заўсёды людзі ёсць. Той жа самы Бураўкін. І апошні класічны паэт, якога я лічу самым што ні ёсць паэтычным паэтам, — Уладзімір Някляеў. Але ж не мне вырашаць…”

Дарэчы, самога дзядзьку Рыгора званы тытул не надта грэе ў матэрыяльным плане.

Рыгор Барадулін: “Ільготаў ніякіх. Мяне стараюцца ўвогуле не згадваць. Але мне і весялей! Да пенсіі там ці 100 тысяч, ці 101 тысяча… 300, так? О, а я і не ведаў!”

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, за часам якога Барадуліну далі Народнага, мяркуе, што можа гэта і да лепшага — што за апошнія 20 гадоў нікому больш такога звання не надавалі.

Станіслаў Шушкевіч

 

Станіслаў Шушкевіч: “Калі б мне сёння сказалі: “Давай прапанову”, — то я б устрымаўся ад нейкай прапановы наконт паэтаў. Атрымаў Гілевіч, атрымаў Барадулін — гэта важкія постаці. Ёсць многа добрых паэтаў, але ўзвесці іх у ранг Народнага — гэта сказаць, што вы набліжаецеся да Купалы, да Коласа. Думаю, з гэтым ёсць пэўныя праблемы”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі