Чаму журналістам у ЗША жывецца прасцей, чым беларускім калегам?
На мерапрыемствах у Нью-Ёрку і Вашынгтоне, прысвечаных свабодзе СМІ, амерыканскія медыяэксперты абмеркавалі праблемы з прэсай у Беларусі.
1-3 траўня ЗША адзначалі Сусветны дзень свабоды прэсы пад эгідай ЮНЭСКА, а таксама арганізавалі тур для журналістаў з краін, дзе ёсць праблемы са СМІ.
На мерапрыемствах Беларусь нязменна згадвалі ў якасці прыкладу адной з найбольш рэпрэсіўных краін свету ў сферы свабоды прэсы. Нават у галіне кантролю інтэрнэта Беларусь адзначылася праз ужыванне даволі рэдкай сістэмы атакі незалежных сайтаў – перанакіраванне на фальшывыя старонкі:
"Апрача стандартных атак падчас выбарчай кампаніі, там ужывалася перанакіраванне карыстальнікаў, якія заходзілі на апазіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы, на фальшывыя старонкі-клоны, якія змяшчалі іншую інфармацыю", – заўважыла ўдзельніца сустрэчы, амерыканскі эксперт у галіне свабоды СМІ.
Нагадаем, у сёлетнім рэйтынгу свабоды прэсы ад Freedom House Беларусі з 93 баламі са 100 (0 – найлепшы паказчык, 100 – найгоршы) адвялі толькі 190-е месца са 196 краін.
Горш за нашу краіну эксперты аўтарытэтнай арганізацыі вызначылі толькі Бірму, Эрытрэю, Лівію, Узбекістан, Туркменістан і Паўночную Карэю. Наперадзе свету – Фінляндыя, Нарвегія і Швецыя з 10-11 баламі.
Хоць ЗША ў сусветнай класіфікацыі свабоды прэсы нават не ўваходзіць у дзясятку (дзеліць 17-22 месцы з шэрагам краін), у колькасным вымярэнні скандынаўскім краінам саступае не вельмі (мае 17 балаў). Свабода СМІ для амерыканскай нацыі – важная каштоўнасць і непазбежная тэма размоваў Дзяржаўнага дэпартамента з дыпламатамі іншых краін.
Джошуа Фрыдман, прафесар Школы журналістыкі пры Калумбійскім універсітэце, вылучае чатыры галоўныя прычыны, чаму журналістам у ЗША працуецца лягчэй, чым беларускім калегам.
Джошуа Фрыдман: "Па-першае, у нас няма закона аб СМІ. У вашай краіне ён ёсць і як быццам закліканы абараняць правы журналістаў, але на справе іначай. Па-другое, у ЗША адсутнічае спецыяльная сертыфікацыя журналістаў: кожны ідыёт можа прачнуцца адной раніцай і сказаць: “Я – журналіст!"
Па-трэцяе, у ЗША няма крымінальнай адказнасці за паклёп – грошы за яго спагнаць праз суд могуць, а вось пасадзіць у турму – не. Джошуа Фрыдман працягвае:
"Нарэшце, у ЗША вельмі проста даставаць рознага тыпу дакументы, асабліва з часу Вотэргейцкай справы і прыняцця законаў аб свабодзе інфармацыі. Нам не трэба абапірацца на чуткі, можна без праблем займець некалькі крыніц інфармацыі. Тым часам як у рэпрэсіўных краінах часам адна крыніца – за шчасце".
Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Аляксандраў кажа, што праблемы беларускіх журналістаў і незалежных СМІ застаюцца ранейшымі.
Андрэй Аляксандраў: "Гэта праблема доступу да інфармацыі, праблема эканамічнай дыскрымінацыі незалежных СМІ, праблема неадпаведнасці беларускага заканадаўства ў галіне свабоды выказванняў. А пасля 19 снежня пачалася новая хваля ціску, і праблемы горшаюць".
Увогуле, амерыканскія журналісты вельмі чуллівыя да спробаў уладаў абмежаваць доступ да той ці іншай інфармацыі. Дэвід Кэнсэс, журналіст прэстыжнага World Street Journal кажа, што словы Барака Абамы аб тым, што ён прыняў рашэнне не публікаваць здымкі забітага Усамы бін Ладэна, журналісцкай супольнасці вельмі не спадабаліся.
"Мяркую, хутка суды будуць весці працэсы па гэтай гісторыі з патрабаваннем публікацыі адпаведных матэрыялаў. Журналісты вельмі няёмка пачуваюцца, калі прэзідэнт ЗША пачынае вырашаць, якія артыкулы і здымкі нам бачыць. Калі ты прачынаешся раніцай і чуеш: “Ты можаш пабачыць гэта, а вось гэта – не!”, то такая сітуацыя – вельмі незнаёмы нам свет".
Журналісты вельмі няёмка пачуваюцца, калі прэзідэнт ЗША пачынае вырашаць, якія артыкулы і здымкі нам бачыць.
Гэтую місію ўзяла на сябе агенцтва Associated Press, якое запатрабавала ад адміністрацыі Убамы абнародаваць здымкі забітага Усамы бін Ладэна, а таксама відэазапісы марпехаў падчас аперацыі па яго забойстве і ваеннага карабля, з якога ў мора скінулі цела тэрарыста.