Ці баіцца Беларусь Мэна?

121121_eurafokus.mp3

Востраў Мэн далучыўся да санкцый ЕС у адносінах да беларускіх чыноўнікаў і бізнесоўцаў.

“Фінансавыя ўстановы мусяць праверыць, ці не падтрымліваюць яны рахункі, ці не захоўваюць актывы асобаў, супраць якіх уведзены санкцыі”, — гаворыцца ў заяве на сайце дзяржаўных службаў вострава Мэн.

Мэн з’яўляецца каронным валоданнем Вялікабрытаніі. Еўрарадыё вырашыла даведацца, якія эканамічныя сувязі яднаюць Беларусь з востравам, што знаходзіцца ў Ірландскім моры і на якім жыве 80 тысяч чалавек.

“Я не ў курсе, ці былі нейкія эканамічныя стасункі паміж краінамі. Я спрабую ўявіць, хто б мог валодаць гэтай тэмай. Разумееце, цалкам магчыма, што банкі і фінансавыя інстытуты могуць мець нейкі бізнес з беларускімі кампаніямі. Але яны не мусяць гаварыць усім пра гэта”, — распавядае Рэй Тод, менеджар прававой бібліятэкі і мытна-акцызнага аддзела вострава Мэн.

Паводле яго слоў, увядзенне санкцый звязана з аналагічнымі мерамі ЕС.

“Беларускія кампаніі маглі б экспартаваць, напрыклад, стальную прадукцыю ў Індыю ці Афрыку пры пасярэдніцтве вострава Мэн”, — Рэй Тод выказвае сваё ўласнае меркаванне, чым бы востраў Мэн мог зацікавіць Беларусь.

Фактычна востраў з’яўляецца часткай Вялікабрытаніі. І калі беларус захоча туды патрапіць, то ён мусіць ісці па візу ў брытанскую амбасаду. Але ў Белстаце Еўрарадыё кажуць, што востраў Мэн значыцца як асобная краіна. Праўда, агульных інтарэсаў з ім Беларусь не мае.

Прэс-служба Белстата: Тавараабарачэння, экспарту-імпарту ў студзені-верасні 2012 года з гэтай краінай не было. Гандлю за 2011 год таксама не было”.


Цікава ўзгадаць, што востраў Мэн лічыцца афшорнай зонай. Але санкцыі з яго боку выкліканы зусім не жаданнем замарозіць рахункі беларускіх кампаній, кажа эканаміст Леанід Заіка.

Леанід Заіка: Усе спасылкі на тое, што, напрыклад, нафтапрадукты набывала Вялікабрытанія, сталі раздражняць. Тое ж самае і з Нідэрландамі. Тут нарэшце засаромеліся ўлады, што столькі нафтапрадуктаў прадалі праз гэты востраў. Шлі пастаўкі, падтрымліваецца “апошняя дыктатура Еўропы”, калі карыстацца тэрміналогіяй Еўрасаюза”.

Эксперт прыводзіць у прыклад ЗША, якія, у адрозненне ад той жа Вялікабрытаніі, цалкам перасталі набываць беларускія нафтапрадукты. А таксама дадае, што з прыняццем Мэнам санкцый супраць Беларусі наўрад ці нешта памяняецца.

Леанід Заіка: “Справа ў тым, што бізнес — гэта бізнес. Калі я гандлюю бензінам, то для мяне не важна, хто такая спадарыня Эштан, Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка альбо Пуцін. Я проста раблю бізнес са сваім сябрам Фрыцам альбо Джонам. Не будзе вострава Мэн, будзе востраў Пэн. Якая розніца, там сотні гэтых афшораў!”

Фота: offshore-news.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі