Сёлета ў Мінску каля паўсотні дзяцей сталі ахвярамі педафілаў
Дзіця, ілюстрацыйнае фота
41 злачынства супраць палавой недатыкальнасці дзяцей выявілі мінскія міліцыянты са студзеня па красавік 2024 года. Такую лічбу назваў намеснік начальніка ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрый Двароўкін, перадаюць "Мінск-Навіны".
Па словах міліцыянтаў, яны выявілі 35 выпадкаў педафіліі, астатнія шэсць датычаць абароту дзіцячай парнаграфіі.
"Па гэтых фактах на сёння ўжо прыцягнутыя да адказнасці альбо з'яўляюцца фігурантамі расследваных крымінальных спраў 34 асобы. Выяўлена ўжо каля 48 пацярпелых дзетак, з якіх 28 не дасягнулі 14-гадовага ўзросту", — удакладняе Двароўкін.
Больш за 30% сексуальных злачынстваў супраць непаўналетніх складаюць распусныя дзеянні, больш за 25% — гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару, 40% — гэта палавыя зносіны з асобамі, якія не дасягнулі 16-гадовага ўзросту. Таксама мінскія міліцыянты зафіксавалі адзін факт прымусу да дзеянняў сэксуальнага характару праз шантаж.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.