Цуд, які завецца "Svet"
Стужку пра легендарнага блюзмена Святаслава "Света" Хадановіча неўзабаве пакажуць па расійскім і беларускім тэлебачанні.
У Мінску прэзентавалі фільм пра беларускага блюзмэна, спевака і кампазітара Святаслава Хадановіча, які загінуў у 2008 годзе. Над стужкай працавалі 2 гады – сябры дапамагалі рэжысёру Алёне Цагельскай са сцэнаром і мантажом. Для фільма было ўзята 40 інтэрв’ю са знакамітымі беларускімі і расійскімі блюзмэнамі, журналістамі, стваральнікамі канцэртаў, сябрамі і роднымі лідара Svet Boogie Band. У тым ліку дзякуючы фільму, памяць пра Света не забываецца, лічыць бубнач гурта Svet Boogie Band Аляксей Золатаў:
Аляксей Золатаў (у цэнтры)
“Я лічу, што фільм атрымаўся. Натуральна, ёсць розныя меркаванні! Але гэта заўжды прасцей за ўсё - нічога не рабіць і крытыкаваць. Свет быў светлым. У яго ведаеш, які быў талент? Не быць негатыўным. Ён мог так крыху сумаваць, але па-блюзаваму. У яго гэта вылівалася ў новыя песні – меладычныя і прыгожыя, з цікавымі вершамі. Бо Свет – сапраўдная легенда!”
Як распавядаюць блізкія сябры Света, калі музыка загінуў, усім адразу было зразумела, што трэба здымаць пра яго фільм. Але ніхто з іх на гэта не адважыўся. І калі рыхтаваць фільм "Svet" узялася рэжысёр Алена Цагельская, шмат хто паставіўся да гэтага скептычна. Маўляў, як чалавек, які ніколі не быў на канцэртах Svet Boogie Band і не быў знаёмы са Светам асабіста, можа зняць пра яго праўдзівую дакументальную стужку? Зараз сябры музыкі прызнаюцца: перад Аленай варта зняць капялюш.
Алена Цагельская
Андрэй Уладзіміраў і Алесь Астраўцоў
“Лена Цагельская знайшла ў сабе гэтую смеласць і зрабіла гэты фільм, – распавядае сябра Света і аўтар сцэнарыя да фільма журналіст Алесь Астраўцоў. - Я падключыўся да яго ўжо на апошнім этапе – сыходзячы з таго матэрыяла, які быў зняты, я працаваў над сцэнаром. Мінчане распавядалі пра Света, як пра сябра і блізкага чалавека, масквічы – як пра прафесіянала і музыку вышэйшага класа. Натуральна, можна было паказаць і яшчэ нейкія меньш аптымістычныя бакі жыцця Света. Але мы вырашылі спыніцца на яго мэсэджы – Nothing But Love. І пад гэты мэсэдж стварыць фільм”
Калі нешта і мае сэнс зараз, кажа Астраўцоў, то здымаць фільмы пра Света яшчэ і яшчэ. Але прапануе гэтую няпростую працу ўжо іншай здымачнай групе.
Таццяна Заміроўская
Аксана Вечар
“Я думаю, што шмат хто сёння ўзгадаў нешта сваё пра Света, – пасля прэзентацыі стужкі кажа вядучы імпрэзы, рэжысёр і шоўмэн Анатоль Вечар, які быў блізка знаёмы са Светам. - Ведаеце, што б сказаў сам Свет пасля прэзентацыі гэтага фільма? “А здорава атрымалася, старык! Давай гэта адзначым! Давай шампанскага!”
Падчас канцэрту стала зразумела, што "клан Света" – суполка аматараў яго музыкі – не толькі не змяншаецца, а наадварот – расце! На прэзентацыі фільма было дастаткова шмат людзей, якія не ведалі і не бачылі Света пры жыцці. Але, дзякуючы фільму, зараз шукаюць і слухаюць яго музыку. Як калісьці любіў гаварыць сам Святаслаў: "Калі пасля нашага канцэрта хаця б адзін чалавек закахаўся ў нашу музыку – нам гэтага дастаткова! Бо блюз – гэта любоў, і дзеля гэтага мы працуем!"
Такім жа чалавекам апынулася і рэжысёр фільма Алена Цагельская. Зараз яна чакае прэзентацыі стужкі на расійскіх каналах. Спадарыня Алена спадзяецца, што фільм таксама пакажуць і па беларускім тэлебачанні.
Алена Цагельская: "Спадзяюся, яны зацікавяцца гэтым фільмам, нашым суайчыннікам, легендай блюза. Пасля гэтага мы зможам выпусціць DVD і прэзентаваць фільм у Інтэрнэце. Я думаю, што будзе вялікая колькасць новых прыхільнікаў Света, людзей, якія яго таксама ніколі не ведалі, і якія адкрыюць яго для сябе так жа, як адбылося са мной. І мне хацелася падзяліцца гэтым цудам, які завецца Свет. Бо вельмі прыемна рабіць фільм, які чакае столькі людзей".
Брат Света з дачкой
Дарэчы, кожны з нас можа паўдзельнічаць у выданні фільма "Svet" на DVD. Зараз здымачная група шукае сродкі на тое, каб стужка з’явілася на матэрыяльных носьбітах у належнай якасьці. Частка грошай ужо сабраная. Падтрымаць яе выданне можна, звязаўшыся з аўтарскай камандай фільма.
Наступная прэзентацыя стужкі адбудзецца ў маскоўскім блюзавым клубе "Дом ля дарогі" 27-га кастрычніка.
Загалоўнае фота: Зарына Кандрацьева, budzma.org