“Дай дарогу!” ужо даюць рады ў Мінску! (фота)
Музыкі прыехалі ў сталіцу, каб выступіць на прэміі “Даём рады”. Юра Стыльскі яшчэ на вакзале стаў у чаргу па сочнікі, а бубнач Ігар Гусеў ледзь не набыў аўто.
У 10:33 стомлены, але не пераможаны лідар "Дай дарогу!" Юра Стыльскі выходзіць з брэсцкага цягніка. А першым у дзвярах вагона з’яўляецца басіст Кірыл Скам’ін, якога на пероне сустракае дзяўчына!
Да рэдакцыі Еўрарадыё недалёка, таму ідзем пехам. Па дарозе Юра заўважае шапік з выпечкай і адразу ж становіцца ў чаргу, каб узяць сочнікаў і ёгурту на ўвесь гурт.
Крочым вуліцай Ленінградскай. З двара выварочвае маднявы Ford. “Ігар, вось табе такі і трэба!” — заўважае нехта з музыкаў. Раптам кіроўца апускае шкло і кажа, што аўто прадаецца! Але выкласці 12 тысяч Ігар Гусеў не гатовы, хаця, кіроўца і ўпэўнівае, што “танней у Мінску машын няма…”
Праз 5 хвілін мы ўжо ў рэдакцыі. П’ем гарбату, а пасля Кірыл з Ігарам выпраўляюцца па справах, а Юра кладзецца на канапку. Вядома, трэба набрацца сіл перад канцэртам. Але ўжо тут мы яго фатаграфаваць не сталі :)