Допыт Уладзіміра Някляева ў КДБ доўжыўся пяць гадзін
На 31 сакавіка прызначаны яшчэ адзін допыт Някляева.
Допыт Уладзіміра Някляева ў КДБ 30 сакавіка доўжыўся пяць гадзін, з 14 да 19, паведаміла БелаПАН яго жонка Вольга.
"Ён вярнуўся дадому стомлены", — сказала жонка кандыдата ў прэзідэнты на выбарах-2010. Паводле яе слоў, на 31 сакавіка прызначаны яшчэ адзін допыт Някляева.
Цяпер паэт і палітык знаходзіцца пад дамашнім арыштам. З 20 снежня па 29 студзеня ён утрымліваўся ў СІЗА КДБ.
Нагадаем, 30 сакавіка следчае ўпраўленне папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама выставіла Уладзіміру Някляеву, Аляксандру Фядуту, Сяргею Вазняку, Андрэю Дзмітрыеву, Віталю Рымашэўскаму і Анастасіі Палажанцы новае абвінавачанне — па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Максімальная санкцыя гэтага артыкула — тры гады пазбаўлення волі, у той час як раней ім пагражала турэмнае зняволенне на тэрмін да 15 гадоў.