Новы сайт прэзідэнта распрацуе Інстытут прыкладных праграмных сістэм

“300 тысяч за сайт прэзідэнта — гэта не так і дорага. Падобныя праекты ў іншых, нават суседніх краінах, каштуюць нашмат даражэй. Насамрэч, гэта вялікі праект, які ўключае ў сябе цэлы комплекс праграмных, інфармацыйных і апаратных сродкаў”, — расказвае Еўрарадыё кіруючы партнёр кампаніі “Астронім” Багдан Каравец.

130110_pilecki_sait.mp3

“Астронім” быў адной з кампаній, якой прапаноўвалі заняцца працай над новым сайтам Лукашэнкі. Аднак умовы вядзення працы не падышлі, і кампанія адмовілася. Па словах эксперта, сам сайт будзе каштаваць толькі 20-30% ад усёй сумы. Рэшта — “нябачныя” звычайнаму воку рэчы. Бяспека, напрыклад.

Кампанія Багдана Караўца распрацоўвала сайты КДБ ды Мінспорту. Але гэтыя рэсурсы каштавалі нашмат танней, бо ўяўляюць сабой звычайную “дошку аб’яваў”.

Ёсць у байнэце і іншыя дзяржаўныя сайты, кошт якіх параўнальныя з коштам новага сайта Лукашэнкі. Альбо нават пераўзыходзяць яго.

“Магчыма, гэта толькі праект “Электронная Беларусь”, які каштаваў мільёны долараў. Альбо праект па пляцоўцы для онлайн-гандлю прадукцыяй беларускіх прадпрыемстваў. Там кошты сувымерныя з гэтымі лічбамі. І гэта нармальна”.

Той сайт кіраўніка Беларусі, які можна знайсці у сеціве цяпер, быў распрацаваны ў 2004 годзе спецыялістамі кампаніі IBA. Пазней яго значна перапрацавалі спецыялісты з БДУ і БелТА. Еўрарадыё паспрабавала даведацца, хто ж выйграў тэндэр на новы сайт. Па інтэрнэце ўжо папаўзлі чуткі пра тое, што ствараць яго будзе вядомая кампанія EPAM. Аднак там гэтую інфармацыю абверглі.

Але хто шукае — той знойдзе. У перамозе ў тэндэры прызнаўся дырэктар Інстытута прыкладных праграмных сістэм Уладзімір Стрыхарчук. Расказваць падрабязнасці пра новы сайт пакуль адмовіўся. Маўляў, зараз гаварыць пра яго рана — ідзе праца над усёй патрэбнай дакументацыяй.

Інстытут быў створаны яшчэ ў 1992 годзе для распрацоўкі праграмнага забеспячэння для дзяржаўных установаў. На яго сайце (вельмі сціплым, дарэчы) гаворыцца, што працуе ва ўстанове 110 чалавек.

Што атрымаецца з ідэі, абнавіць сайт кіраўніка краіны — пабачым ўвесну. Прынамсі, калі верыць Мінсувязі.

 

“Магчыма, гэта толькі праект “Электронная Беларусь”, які каштаваў мільёны долараў. Альбо праект па пляцоўцы для онлайн-гандлю прадукцыяй беларускіх прадпрыемстваў. Там кошты сувымерныя з гэтымі лічбамі. І гэта нармальна”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі