Еўрапарламент заклікаў да новых санкцый і адмены хакейнага чэмпіяната
Рэзалюцыя вітае пашырэнне санкцый Саветам ЕС і заклікае да новых мэтавых эканамічных санкцый.
У рэзалюцыі, прынятай 29 сакавіка, Еўрапарламент заклікае федэрацыі нацыянальных хакейных зборных краін ЕС і ўсіх дэмакратычных нацый узняць на наступным Кангрэсе Міжнароднай федэрацыі хакею пытанне аб пераносе чэмпіянату з Беларусі, пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітвязні. Наступны Кангрэс адбудзецца ў траўні ў сталіцы Фінляндыі Хельсінкі.
Рэзалюцыя залікае Мінск адмовіцца ад самаізаляцыі і вызваліць зняволеных па палітычных прычынах, у тым ліку Алеся Бяляцкага, Мікалая Статкевіча, Андрэя Саннікава, Паўла Севярынца, Дзмітрыя Бандарэнку, Сяргея Каваленку. У дакуменце гаворыцца, што рашэнне адклікаць амбасадараў усіх краін ЕС у Беларусі праваліла спробу беларускіх уладаў падзяліць ЕС у пытанні па санкцыях.
Рэзалюцыя заклікае Савет ЕС, у святле дыпламатычнага канфлікту і далейшага пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека, пашырыць мэтавыя эканамічныя санкцыі. Асобным пунктам асуджаецца абразлівая рыторыка Лукашэнкі ў дачыненні да нямецкага міністра замежных справаў Гіда Вестэрвеле.
Еўрапарламент таксама шкадуе аб выкананні смяротных прысудаў Калалёву і Канавалаву, а таксама аб стварэнні ўладамі спіса невыязных.
Перад галасаваннем разгарэліся дэбаты паміж польскімі еўрадэпутатамі Марэкам Мігальскім і Яцэкам Пратасевічам. Першы выступаў супраць пераносу рэзалюцыі з 15 сакавіка:
Мігальскі: "Я тады сказаў, што гэта будзе ўспрынята як сігнал нашай слабасці, і, на жаль, я меў рацыю. Тыя два маладыя чалавекі пазбавіліся свайго жыцця на наступны дзень".
З гэтым абсалютна не пагадзіўся старшыня дэлегацыі па адносінах з Беларуссю Яцэк Пратасевіч.
Пратасевіч: "Я не згодны, што гэта было знакам нашай слабасці і прывяло да выканання смяротных прысудаў. Найбольш верагодна, што сакрэтныя прысуды былі выкананыя яшчэ да таго моманту. Зусім не варта казаць, што нашае рашэнне перанесці прыняцце рэзалюцыі прывяло да пагаршэння сітуацыі".