Хто такі Сяргей Пелюшкевіч, новы прэс-сакратар Лукашэнкі (фота)

Аб прызначэнні новага прэс-сакратара Лукашэнкі стала вядома падчас візіту кіраўніка Беларусі ў Санкт-Пецярбург.

“Пасля пасяджэння ў пашыраным складзе, якое доўжылася нядоўга (у параўнанні з чатырохбаковай сустрэчай), Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка выйшлі зрабіць заяву для прэсы. Звяртала на сябе ўвагу тое, што ў Аляксандра Лукашэнкі новы прэс-сакратар — Сяргей Пелюшкевіч. Павел Лёгкі, які быў з Аляксандрам Лукашэнкам шмат гадоў, набраў палітычную вагу і пайшоў на няцяжкую працу дарадцам-пасланнікам ў беларускую амбасаду ў Маскве”, — напісаў у сваім прысвечаным беларускаму візіту артыкуле карэспандэнт газеты “Коммерсантъ” Андрэй Калеснікаў.

У панядзелак 18 сакавіка прэс-служба кіраўніка краіны адмовілася каментаваць інфармацыю з артыкула Калеснікава. Аднак Еўрарадыё змагло даведацца, што Сяргей Пелюшкевіч накіраваўся разам з беларускай дэлегацыяй на чале з Лукашэнкам у Інданэзію.

Сям'я Пелюшкевічаў. Сяргей — крайні справа. Фота з сацыяльных сетак.

Пра кар’ерны шлях Пелюшкевіча вядома няшмат. Яго бацька, Іван Пелюшкевіч, нарадзіўся ў вёсцы Новая Мыш, у Баранавіцкім раёне, мае званне палкоўніка МУС. У 2003 годзе Сяргей Пелюшкевіч скончыў журфак БДУ (вучыўся на адным курсе з папулярнай тэлевядучай, зоркай АНТ Люцыяй Лушчык). Аднакурснікі згадваюць, што падчас вучобы ён не асабліва выдзяляўся сярод іншых. Пасля ўніверсітэта Пелюшкевіч трапляе на “Першы канал беларускага радыё”, у аддзел грамадска-палітычных праграм. 6 жніўня 2009 года згодна з пастановай Савета міністраў № 1024 “каментатар Пелюшкевіч” для “сям’і з двух чалавек” атрымаў службовую кватэру на вуліцы Ігнатоўскага. І гэта фактычна ўсё.

У прыёмнай радыёстанцыі карэспандэнту Еўрарадыё паведамілі, што Сяргей Пелюшкевіч там даўно не працуе. Прыкладна паўгода. Амаль столькі часу прайшло з моманту сыходу з пасады кіраўніка прэзідэнцкай прэс-службы Паўла Лёгкага. Ён атрымаў новую працу ў кастрычніку 2012 года.

Афіцыйна пасада кіраўніка прэс-службы дагэтуль застаецца вакантнай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі