Ірландская рэжысёрка прывезла у Мінск оскараўскі фільм паводле Алексіевіч

У Мінску распачаўся Фестываль еўрапейскага кіно. Ужо ў першы дзень гледачоў чакалі два сюрпрызы: прэзентацыя ірландскага фільма "Дзверы" з  удзелам рэжысёркі  Хуаніты Уілсан і французскага фільма "Ідыёт" паводле Дастаеўскага з удзелам рэжысёра П'ера Леона. Пра фільм "Дзверы" варта сказаць, што ён напісаны паводле твору "Чарнобыльская малітва" беларускай пісьменніцы Святланы Алексіевіч, і ў гэтым годзе быў намінаваны на "Оскара" у намінацыі “Найлепшы караткаметражны фільм”.

Еўрарадыё паразмаўляла з рэжысёркай, якая, як кажуць, прачнулася знакамітай.
Спадарыня Хуаніта кажа, што асабіста не знаёмая са Святланай Алексіевіч, толькі праз чытанне “Чарнобыльскай малітвы”. Аднак ведае, што Алексіевіч бачыла стужку і ўхваліла яе.

Хуаніта Уілсан: "Так, яна бачыла гэты фільм – і ў яе было вельмі станоўчае ўражанне. У часе стварэння фільма мы намагаліся зрабіць яго як мага бліжэйшым да тае жыццёвае сітуацыі, якая адбылася з Мікалаем Калугіным".

Хуаніта Уілсан кажа, што дакладна не ведае, чым уразіла амерыканскіх кінаакадэмікаў – добрай рэжысёрскай працай ці ўласна трагізмам чарнобыльскай тэматыкі.

Хуаніта Уілсан: "Немагчыма адказаць дакладна. Вядома, гэта гонар – быць намінаванай на “Оскара”.  Гэта прыемна. Я спадзяюся, што праз гэты фільм – калі людзі паглядзяць – яны зноў вернуцца да гэтае тэмы. І, магчыма, больш поўна і ярка адчуюць гэтую катастрофу".

Фільм цягнецца ўсяго 17 хвілінаў. У ім апавядаецца вусцішная гісторыя, як сям’ю Калугіных – маладых маму, тату і маленькую дачку – эвакуявалі з зоны адразу пасля аварыі. Праз нейкі час у дачкі выяўляецца анкалагічнае захворванне, яна памірае. І тата ў роспачы едзе ў зону, дзе хаваючыся ад вайскоўцаў, выдзірае з свае былой кватэры прыгожыя ўзорчатыя дзверы, на якіх, згодна з мясцовымі традыцыямі, неслі на могілкі яшчэ ягонага бацьку. Гэтыя дзверы ён цішком вязе на матацыкле дахаты і хавае на іх маленькую дачку. У фільме здымаліся беларускія акцёры, а ўласна здымкі праходзілі ва ўкраінскім адселеным горадзе Прыпяць.

Пасля фінальных кадраў фільма зала маўчала некалькі хвілінаў. Рэжысёрка Хуаніта Уілсан кажа, што гэта – заўсёдная рэакцыя гледачоў.

Хуаніта Уілсан: "Так, гэта звычайная рэакцыя. Некалькі хвілінаў людзі маўчаць, каб лепш зразумець, што яны пабачылі на экране…"

Пасля “Дзвярэй” мінская публіка магла пабачыць стужку “Ідыёт” французскага рэжысёра П’ера Леона, які на запрашэнне амбасады Францыі ў Мінску сам прехаў у Беларусь прадстаўляць кіно. П’ер Леон апавёў, што хацеў зняць усяго “Ідыёта” на 14 гадзінаў, але не знайшоў сродкаў, таму зняў адную сцэну – “Імяніны Настассі Філіпаўны”. Пасля сеансу гледачы задавалі П’еру Леону пытанні. Ён нарадзіўся ў Маскве і, хаця ўжо больш за 30 гадоў жыве ў Францыі, адказваў па-руску без акцэнта.

Цікавым было пытанне, ці адчуў ён розніцу між Беларуссю і Расіяй.



П’ер Леон: "Буду адказваць як нармандзец: “Ну, я даўно не быў у Расіі…” Але ўвогуле я ўпершыню прыязджаю з гэтым фільмам у краіну, дзе размаўляюць па-руску, дзе я сам мушу размаўляць па-руску, што для мяне не вельмі лёгка ўжо. Маскоўская публіка бачыла мой фільм без мяне, бо мяне туды не запрашалі, калі ён ішоў на фестывалі… А сюды мяне запрасіла французская амбасада. Так што ўсё-ткі адчуваецца розніца між Раісяй і Беларуссю. (магутны смех у залі) Так што я баяўся, як пройдзе “Ідыёт” тут – дзе яго ведаюць і разумеюць".

Глядачка папрасіла П’ера Леона адным ці дзвюма словамі ахарактарызаваць менавіта той эпізод твору, які ён экранізаваў.

П’ер Леон: "Скандал. Гэты фільм – гэта скандал. Дзе рэжысёру не трэба нічога рабіць. Чаму я кажу, што Дастаеўскі цудоўны сцэнарыст? Бо ён напісаў аграмадны скандал, вельмі даўгі скандал. Гэта вельмі цяжка! А я цярпець не магу размаўляць з акцёрамі доўга, таму проста даў кнігу пачытаць – і ўсё".

П’ер Леон падзяліўся з публікай цікавай знаходкай – што фільм ён здымаў як бы сваімі вачыма. Але тае пары, калі яму было гадкоў шэсць ці сем.

П’ер Леон: "У мяне была ідэя – што робіць камера ў гэтым фільме? Вось камера, якая здымае, -- для мяне была дзіцёнкам. Маленькі хлопчык – напэўна, я – які сядзіць у пакоі, госцікі ходзяць, ён нічога не разумее і глядзіць. І потым я згадаў, што калі сапраўды быў маленькім хлопчыкам, да нас у дом у Маскве прыходзіў спяваць песні Уладзімір Высоцкі. Толькі калі мне было шэсць, сем, восем, дзевяць гадоў – я нават не ведаў, што такое Валодзя Высоцкі. Прыходзіў нейкі мужык, сядаў. Людзі пілі, спявалі, сварыліся. Потым нейкі мужык спяваў дзве песні, а потым зноў усе пачыналі піць, сварыцца. Я думаю, нешта ад гэтага ў мяне засталося і з’явілася тут, у “Ідыёце”.

Фестываль еўрапейскага кіно распачаўся ўчора ў Мінску. Цягам тыдня гледачы кінатэатра "Перамога" (Інтарнацыянальная, 20) пабачаць стужкі з 17 краінаў Еўропы. Расклад глядзіце ніжэй, уваход на ўсе сеансы вольны.



Хуаніта Уілсан (у цэнтры) на здымках "Дзвярэй"


Кадры з фільму





Афіша "Дзвярэй"


П'ер Леон




Кадры з "Ідыёту"



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі