Калектары: Каб спагнаць грошы з беларусаў, да нас звяртаюцца з-за мяжы

120120 Svjardlou Kollekt.mp3

“У бліжэйшы год мы да калектараў звяртацца не будзем”, — рашуча адмаўляецца ад паслуг калектарскіх агенцтваў начальнік упраўлення рознічнага крэдытавання “Белгазпрамбанка” Аліна Ільясюк.

Колькасць праблемных пазык у банкаў паступова расла цягам 2011 года. Але банкіры працягваюць настойваць на тым, што здольныя самі разабрацца з даўжнікамі.

 “Навошта банку саступаць гэтую пазыку калектарскаму агенцтву за 20-30%? Сваімі сіламі мы можам вярнуць больш, нават з улікам аплаты працы супрацоўніка банка”, — распавядае Еўрарадыё начальнік упраўлення праблемных актываў “МТБанка”.

Але ў беларусаў з’явіліся крэдыторы за межамі краіны. Гэтыя працуюць з калектарамі.

“Крызіс быў, фактычна, лакальны. Праз яго з’явіліся такія пазыкі. Як звычайна, гэта пазыкі рэзідэнтаў, то бок беларускіх кампаній – замежнікам. Адпаведна, павялічылася колькасць выпадкаў, калі да нас звяртаюцца па дапамогу з-за мяжы”, — дзеліцца назіраннямі з Еўрарадыё адзін з мэнаджараў “Калектарскага агенцтва “Леў і партнёры”. Калектары — людзі, не схільныя афішаваць свае імёны і прозвішчы…

Як даведалася Еўрарадыё, беларусы дагэтуль ківаюць крэдыторам на... валютны крызіс.

“Гэта ўжо проста нагода такая з’явілася… Не плаціў паўгода — дык чаму б і далей не плаціць? Годзе ўжо на крызіс спасылацца. Лепш пачаць нармальна працаваць і нармальна ўзаемадзейнічаць з партнёрамі”, — працягвае наш суразмоўца з калектарскага агенцтва.

Калектары сцвярджаюць, што паляванне на даўжнікоў адбываецца выключна законнымі метадамі. Але ў МТБанку ўсё роўна ўпэўненыя, што з кліентамі трэба працаваць па-іншаму:

“Падыходы банка і калектарскага агенцтва даволі адрозніваюцца. Задача калектара — спагнаць пазыку. У максімальным памеры і настолькі хутка, наколькі магчыма. А задача банка — дапамагчы кліенту выплаціць пазыку і вывесці яго на прымальны графік пагашэння крэдыту. У калектарскага агенцтва ад прыроды няма інструмента даравання пазыкі. У той жа час, банк такую магчымасць мае. Калектар не звязаны банкаўскай таямніцай. Мы ж звязаныя”.

На гэта калектары адказваюць, што ўсе дазволеныя сродкі — добрыя.

Дарэчы, пазіцыі калектарскіх агенцтваў неўзабаве могуць узмацніцца: як даведалася Еўрарадыё, Мінэканомікі рыхтуе закон “Аб спецыялізаваных арганізацыях па спагнанні дэбіторскай запазычанасці”, які ўзаконіць працу калектарскіх агенцтваў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі