Кека Фарнарэлі трыа: прыгоды італьянцаў у Мінску
Буркі, кажухі ды гарэлка перад выступам. Пасля — абяццанне прысвяціць нашай краіне песню.
Гэтым разам “Джазавы мост” перакінуўся паміж Беларуссю і Італіяй. Музыкі з Апенінскага паўвострава прывезлі нам крыху зімовага, але ўсё ж сонца. І вельмі здзівіліся, калі Беларусь іх сустрэла маразамі і снежнай завеяй. "Зіма? Добра апранацца? Мы апрануліся!" — смяюцца хлопцы ў аэрапорце і паказваюць кеды ды кароткія курткі. Таму, перш, чым трапіць у студыю ды парэпетаваць з нашымі Apple Tea, італьянскім гасцям давялося ў тэрміновым парадку набываць буркі ды цёплую вопратку.
“Нам насамрэч вельмі прыемна апынуцца тут, гэта наш першы раз у Мінску, і гэта было па-сапраўднаму шакуючым, — прызнаецца лідар праекта, піяніст Кека Фарнарэлі ўжо са сцэны Палаца прафсаюзаў. — Цяпер я ў цішотцы, але гэта таму, што давялося выпіць гарэлкі, каб сябе нармальна адчуваць! Але мы вельмі ўдзячныя, што вас так многа ў зале, нават нягледзячы на такое надвор’е”.
Luca Alemanno
Dario Congedo
Kekko Fornarelli
Kekko Fornarelli трыа — праект італьянскага піяніста, які паспяхова гастралюе па Еўропе і зрывае авацыі на самых прэстыжных фестывальных пляцоўках. Фішка, якая, мяркуе Кека Фарнарэлі, вылучае іх трыа са шматлікіх іншых гуртоў — гэта ўвасабленне ідэі не проста праслухоўвання, а назірання за музыкай. Kekko Fornarelli прывезлі ў Мінск даволі няпростую праграму “Room Of Mirrors”, якая складаецца з атмасферных, доўгіх, рэфлексіўных кампазіцый. Увогуле, “Room Of Mirrors” — гэта альбом-прысвячэнне італьянцаў шведскай камандзе Esbjörn Svensson Trio. Можа таму, музыка гэтага вечару нагадвала познеімпрэсіянісцкую казку, а ўжо пасля першых хвілін канцэрту стала зразумела: Кека Фарнарэлі ёсць, што сказаць.
Як прызнаецца Кека, раней ён пісаў іншую музыку, больш простую і, магчыма, больш запатрабаваную. Але ў "мэйнстрымавым" джазе сябе не знайшоў і нарэшце рэалізаваў сваю мару з аўтарскім трыа.
“Я нават перастаў увогуле пісаць музыку і іграць ажно на тры гады і шмат рэфлексаваў у гэты час. І я адчуў, што мая музыка — гэта “moovie song”, нешта падобнае на кіно. Такім чынам, усе нашы кампазіцыі — гэта гісторыі, пад якія вы можаце ўяўляць сваё уласнае кіно, здымаць яго ў сваіх думках. Да чаго я вас і заклікаю”.
Ігар Люты і Кека Фарнарэллі трыа
Нягледзячы на тое, што праграма Кека Фарнарэлі была даволі доўгай, гледачы не паспелі стаміцца ад аўтарскай музыкі. Наадварот — называлі яе амаль ідэальным балансам паміж напружаннем і свабодай. Ды абмяркоўвалі, што такія кампазіцыі дапамагаюць лепшаму узаемадзеянню паміж музыкамі і нават ствараюць пэўную прастору вакол кожнага інструмента.
Супрацоўніцтва з Apple Tea, няхай, пакуль аднаразовае — першая спроба творчага тандэма для Фарнарэлі, але ён спадзяецца на працяг!
Міша Філіпеня
Ігар Сацэвіч
Аляксандр Сапега
"Пакуль што гэта для нас унікальны досвед, бо раней мы ніколі гэтага не рабілі. Але калі, вось, знаёмішся з цудоўнымі людзьмі і выдатнымі музыкамі — неяк само сабой нараджаецца такое супрацоўніцтва. Я нават не выключаю, што напішу кампазіцыю пра сваё падарожжа ў Беларусь і тады абавязкова распавяду табе пра гэта" — смяецца Кека Фарнарэлі і хітра падміргвае на развітанне.
Дарэчы, беларускія джазмены сыгралі свой уласны сэт падчас канцэрту, паказалі некалькі песень з будучага альбома, які з’явіцца на пачатку 2013 года. І, натуральна, не абышлося і без "джэму" паміж абодвума камандамі!
Наступны канцэрт праекта "Джазавы мост" таксама мае быць святочным — 14-га лютага, у дзень усіх закаханых, у Мінску выступяць англійскія музыкі. Усе падрабязнасці неўзабаве на Еўрарадыё!