Ларыса Сімаковіч: “Маю музыку да “Люцыяна Таполі” назвалі здзекам”

Ад вядомага кампазітара і эксперыментатара Ларысы Сімаковіч заўжды чакаюць нечага незвычайнага. Вось, і ў дзень прэм’еры ронда-оперы “Люцыян Таполя” па паэме Максіма Танка у зале толькі і размаўлялі пра тое, што за “сучасная містэрыя ў адной дзеі і ў адным вечары” разгорнецца на сцэне філармоніі гэтым разам.

 

Але мала хто ведаў, што замоўленая Міністэрствам культуры да 100-годдзя Максіма Танка опера знаходзілася пад пагрозай адмены: паміж кампазітарам і выканаўцамі ўзніклі сур’ёзныя непаразуменні.

“Асабліва цяжка было з капэлай (Дзяржаўная акадэмічная капэла імя Р.Шырмы — заўв.рэд.), якая назвала маю музыку здзекам, — распавядае Ларыса Сімаковіч. — У прынцыпе, яны загубілі праект, загубілі тое, што я прыдумала. У мяне была гатовая рэжысура — я гатовая была рабіць усё сцэнічна, спектаклем. У прынцыпе, гэта тое, да чаго прывыкла мая публіка”.

 

Ларыса Сімаковіч (Праўда)

Як высветлілася, яшчэ на стадыі разбору сваіх партый удзельнікі капэлы засталіся незадаволенымі музыкай і, на думку спадарыні Ларысы, паставіліся да пастаноўкі не адказна. Ілюзій пра тое, што спектакль можна перанесці на іншую пляцоўку і рэалізаваць задуманае, Сімаковіч не мае — маўляў, усё стрымае фінансавы складальнік імпрэзы, бо нават за музыку да оперы кампазітар не атрымала ані капейкі!

“І за музыку, і за апокрыф я не атрымала ніякай матэрыяльнай узнагароды. Так чаму тады гэты твор не выходзіць з подпісам “спонсар Ларыса Сімаковіч”? — дзівіцца кампазітар.

 

Дыяна Трыфанава (Тэкля) 

Ян Жанчак (Люцыян Таполя) 

фальклор-тэатр "Госьціца" і Ларыса Сімаковіч 

Элітарны міжсабойчык, мюзікл, рок-опера — як толькі не называлі гледачы ронда-оперу “Люцыян Таполя”. Паэзія Максіма Танка ўвогуле даволі складаная, і тым большым дасягненнем здаецца ўчынак Ларысы Сімаковіч. У сваім творы музыка і харэограф паразважала на няпростую і хвалюючую тэму ўзаемаадносінаў Мастака і Ўлады, іх спрадвечнага супрацьстаяння. І, каб яшчэ больш падкрэсліць гэтую тэму, Ларыса Сімаковіч увяла ў лібрэта твора персаніфікафаны вобраз Праўды: як лічыць кампазітар, у сапраўднай паэзіі схаваная праўда ёсць заўсёды. Менавіта гэты вобраз дае оперы нетыповы прыдатак “ронда” — з песні Праўды пачынаецца дзея, яна праходзіць лейтматывам праз увесь твор, і ёю заканчваецца.

 

Ігар Задарожны (Біскуп) 

“Пастаноўка даволі незвычайная, таму што тут не толькі класіка прысутнічае, тут і нешта прыбліжанае да сучаснасці — спалучэнне акадэмічнага вакалу і эстраднага, – кажа глядачка Вольга. — Але шкада, што яна ідзе ўсяго адзін раз, што нельга да гэтага твору вярнуцца”.

З пажаданнямі “працягу” Ларыса Сімаковіч прапануе звяртацца не да яе, а да адміністрацыі філармоніі: проста пагаварыць і назаўтра забыць — не выйсце.

 

 

“Мала дасылаць свае думкі і пажаданні космасу. Космас, вядома, усё чуе, але не валодае матэрыяльнымі рычагамі і рэсурсамі. Я таксама магла пра “Люцыяна Таполю” проста пагаварыць, але я матэрыялізавала сваю ідэю. І зрабіла б яшчэ больш, але мяне апусцілі ніжэй за плінтус, вось тая самая капэла, я паўтараю гэта і хаваць не хачу. Ніхто не зрабіў ні кроку, каб змяніць сітуацыю, нівеліраваць яе і ўсё ж такі дамагчыся таго, чаго не хапіла ўчора гледачам”.

Гледачам і сапраўды не хапіла менавіта дзеі на сцэне: людзі, якія прызвычаіліся да эксперыментальных і яскравых спектакляў Сімаковіч, засталіся засмучанымі сумным хорам і крыху млявым народным аркестрам, які і ствараў усю атмасферу.

 

“Гэта не першы твор Ларысы Сімаковіч, на які мы прыходзім, і нам вельмі падабаецца ўсё, што яна робіць. І заўжды заставаліся ў захапленні і ажыятажы! Але не хапала звычайнага спектакля “Госьціцы”, дзеі. Нават удзел двух чалавек з “Госьціцы” ужо значна змянілі саму оперу, прыўнеслі нотку жывасці”.

Еўрарадыё будзе сачыць за развіццём падзей.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі