Лазавік: Можа, і не трэба прымушаць людзей галасаваць таемна

Сёння і выбарчае заканадаўства, і выбарчая практыка прымушаюць галасаваць выбаршчыкаў таемна. І гэта не зусім правільна. Так сакратар Цэнтравыбаркама Мікалай Лазавік пракаментаваў з’яўленне на адным з тэлеканалаў сюжэта, дзе было відаць, за якога канкрэтна кандыдата аддае свой голас выбаршчык падчас галасавання дома.

Мікалай Лазавік: “І ўся наша сістэма працы, і ўся гэтая працэдура скіраваная на тое, каб прымусіць грамадзяніна галасаваць таемна. Але чаму мы павінны прымушаць?! Я б не стаў прымушаць. А раптам ён пры ўсіх захоча паставіць “галачку” за Іванова, Пятрова, Сідарава? І нават паказаць усім: “Вось, я галасую за гэтага чалавека таму, што я яго паважаю”. І дэманстратыўна апусціць бюлетэнь у скрыню для галасавання”.

Такім чынам, сакратар ЦВК ухіліўся ад наўпроставага адказу на простае пытанне: ці дапусціў дзяржаўны тэлеканал парушэнне, паказаўшы ў дзень галасавання, за каго галасуе канкрэтны чалавек у канкрэтнай выбарчай акрузе. Толькі сказаў, што, магчыма, аператар спрацаваў “не зусім карэктна”.

Між тым, такі сюжэт і такі кадр можна лічыць непрыхаванай агітацыяй за пэўнага кандыдата. А ў дзень выбараў гэта рабіць забаронена.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі