Лячыцца “Колдрэксам” і “Тэрафлю” танней, чым мёдам і лімонамі

110926 Pilecki Leki.mp3

З траўня беларускія прэпараты падаражалі ў сярэднім на 20%, замежныя – на 60%. Але палохацца не варта. Тэрапеўт адной з мінскіх паліклінік расказала Еўрарадыё, што хваробы бываюць розныя і лекі ад іх каштаваць таксама будуць па-рознаму.


“Можна па-рознаму хварэць. Можна больш эканамічна, а можна менш. Калі гэта, напрыклад, нейкая вірусная інфекцыя, якая не патрабуе антыбіётыкаў, то яе можна, што называецца народнымі сродкамі вылечыць. Шмат піць, паласкаць той жа содай – гэта ўсё не патрабуе шмат сродкаў. А калі гэта сур’ёзная інфекцыя, бактэрыяльная, ангіна напрыклад, якая ўжо патрабуе антыбіётыкаў, то звычайна гэта антыбіётыкі шырокага спектру”.

 
Кошты на антыбіётыкі розныя. Самы бюджэтны варыянт -- “Амуксіцыклін”. Невялічкая ўпакоўка каштуе каля 5 тысяч рублёў. На тыднёвы курс лячэння пойдзе 3-4 пачкі. У дадатак да гэтага давядзецца набыць лекі ад горла і кашлю. “Септалетэ” абыдзецца ў 20 тысяч за 12 таблетак, а “Амбраксол” у 8 за бутэлечку сіропу. Гэта ўсё таксама трэба памножыць на 3 ці 4. Агулам за тыдзень лячэння давядзецца заплаціць каля 90 тысяч. Нятанна.


“Антыбіётыкі ў нас цяпер нятанныя. Таму, калі гэта ўжо сур’ёзная хвароба – ангіна, бранхіт, пнеўманія, якія патрабуюць не аднаго антыбіётыка, а двух, то тады гэта так… Поўны курс антыбіётыкаў – гэта як мінімум сем дзён”.


Яшчэ горш, калі захворванне сур’ёзнае, і патрэбныя антывірусныя прэпараты. Пачак з 50 таблетак “Гропрынасіну” абыдзецца амаль у 60 тысяч. У дадатак да гэтага спатрэбяцца яшчэ лекі ад болю ў горле і кашлю. Гэта яшчэ плюс 50-60 тысяч. Можна і зэканоміць. Набыць беларускія, альбо расійскія антывірусныя прэпараты. За 50 таблетак беларускага “Арпетолу” трэба аддаць каля 40 тысяч.


“Што тычыцца лекаў, то на сваім досведзе я ведаю – добрыя лекі таннымі не бываюць. Калі ты хочаш атрымаць добры вынік, то трэба набываць прэпараты, якія арыгінальныя. Лепш за ўсё з тых краін, якія сябе добра зарэкамендавалі”.


Вялікая колькасць людзей замяняе іх банальнымі лімонамі і іншымі народнымі сродкамі – мёдам, моцнай гарбатай, часнаком, растворамі соды і солі. Толькі танней гэта не будзе. За чатыры лімоны давядзецца аддаць 25 тысяч, столькі ж за пачак гарбаты. 300-грамовы слоік мёду каштуе каля 40 тысяч. Усё разам – як тыднёвы курс дарагіх “Тэрафлю”, альбо “Колдрэкса”. Зэканоміць можна толькі калі лячыцца растворам соды – тры тысячы рублёў за пачак і хопіць яго на ўсю восень.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі