Маладыя беларусы выставілі ў Варшаве “кантэкст Лукашэнкі”
Такое ўражанне пакідае ў наведнікаў выстава стыпендыстаў “Gaude Polonia” пад назвай “Па той бок мяжы”, якая праходзіць у сталіцы Польшчы.
Наведніца выставы: “Рэбус, загадка, таямніца, цікаўнасць…”
Менавіта пра такія асацыяцыі, выкліканыя мастацкімі творамі, гаворыць большасць наведвальнікаў выставы пад назвай “Па той бок мяжы”, якая адбываецца гэтымі днямі ў Варшаве. Гэтыя словы тычацца і твораў маладых мастакоў з Беларусі – удзельнікі стыпендыяльнай праграмы Міністэрства культуры Польшчы “Gaude Polonia”.
Супрацоўнікі кнігарні “Traffic Club”, у якой праходзіць выстава, кажуць, што жадаючых паглядзець на карціны мастакоў з-за ўсходняй мяжы не вельмі багата. Аднак тыя, што прыходзяць – сапраўдныя аматары сучаснага выяўленчага мастацтва.
Дзяўчына: “Я ўвогуле захапляюся мастацтвам, таму, калі пачула пра гэтую выставу, зацікавілася. Карціны мне вельмі падабаюцца, толькі амаль што ва ўсіх працах дамінуюць цёмныя колеры. Таму выстава ўвогуле здаецца крыху пісемістычнай”.
Хлопец: “Для мяне вельмі важна, што тут я магу пабыць сам-насам з працамі маладых мастакоў з Беларусі і Украіны, пашукаць у іх нешта адметнае. Так, у карцінах беларусаў абавязкова прысутнічае кантэкст Лукашэнкі. Мастак – асоба, якая любіць і цэніць свабоду, ён не жыве ў вакууме. І можа палітычны кантэкст тут не на паверхні, але ў працах ён вельмі істотны”.
Кабета: “Карціна “Зіма”, ля якой мы зараз знаходзімся, на мой погляд, найпрыгажэйшая. Рэшта карцін на мяне не аказала нейкага пазітыўнага дзеяння. Але ж яны вызываюць шмат асацыяцый. Напрыклад, вось тыя творы асацыююцца ў мяне з мапай горада, а тая графіка са старымі папірусамі”.
Праца мастачкі з Украіны Кацярыны Касьяненка пад назвай “Зіма” сапраўды заварожвала наведвальнікаў выставы сваімі халоднымі колерамі. Але не меншай папулярнасцю ў іх карысталася серыя працаў беларускі Валянціны Калеснікавай “Партрэт натуры”. Па словах аўтаркі, праца сімвалізуе еднасць чалавека і прыроды і была створана выключна з натуральных матэрыялаў.
Валянціна Калеснікава: “Серыя складаецца з чатырох карцінаў і выканана ў тэхніцы “чарпанай паперы”. Аздоблена праца рознымі відамі траў. Выконвала я яе ў майстэрні знакамітай у Польшчы мастачкі Малгажаты Бучэк-Следзінскай”.
Узяць удзел у стыпендыяльнай праграме “Gaude Polonia”могуць не толькі майстры выяўленчага мастацтва. Сярод стыпендыстаў перакладчыкі, мастацкія крытыкі, гісторыкі. Так, Яўген Шымановіч з Мінска – музыка. Выпускнік Беларускай Акадэміі музыкі грае на кларнэце і ў гэтым годзе таксама вырашыў паўдзельнічаць у праграме.
Яўген Шымановіч: “Я ў гэтым годзе атрымаў стыпендыю “Gaude Polonia” і цягам шасці месяцаў спрабую рэалізоўваць свой праект у Польшчы. Вывучаў сучасную польскую музыку і тэхніку ігры на кларнэце. Але найбольш карысным лічу тое, што пазнаёміўся з новымі цікавымі людзьмі. Кожны мае магчымасць нават некалькі разоў падаць дакументы на гэтую стыпендыю, і калі Міністэрства культуры Польшчы палічыць ягоны праект перспектыўным, яго таксама на паўгады сюды запросяць”.
Пакуль Яўген жыў у Варшаве, яго рэпертуар папоўніўся польскімі песнямі. Музыка марыць зайграць іх для беларускай публікі. А яшчэ беларускія стыпендысты вераць, што менавіта культура і мастацтва паспрыяюць знікненню межаў паміж Беларуссю і Еўропай. Межаў як канкрэтных, так і ўмоўных. Бо мастацтва межаў не мае!