Маляваныя афішы ў мінскіх кінатэатрах пачалі замяняць на друкаваныя

У канцы лістапада Еўрарадыё расказвала пра маляваныя афішы мінскіх кінатэатраў — стары і цікавы жарт.

Сталічная хэндмэйд-рэклама не раз выклікала абмеркаванні сярод кінаманаў і звычайных мінакоў: маўляў, персанажы на афішах намаляваныя сцёбна.

За апошні месяц хэндмэйд-афіш паменела. Іх на манер Масквы і Піцера ўсімі сіламі замяняюць вінілавымі постарамі.

На вялікім стэндзе сталічнага кінатэатра “Мір” — сапраўдная дэмакратыя: дзве афішы намаляваны мастаком, дзве — навамодная друкаваная прадукцыя.

Ля самага ўвахода ў “Мір” — таксама дзве хэндмэйд-афішы. Але майстэрня, дзе працавала мастачка, закрыта на рамонт, і маляваць новыя рэкламы няма дзе.

“Гэта не з-за таго, што мы хочам замяніць афішы. Проста вялікі аб’ём працы — шэсць шчытоў трэба было рабіць. А тут два прыйшлі на вініле, — кажа вядучы метадыст кінатэатра Аліна Свінкіна. — Мы і павесілі іх”.

Еўрарадыё: Ці ёсць такая тэндэнцыя, што маляваныя афішы хутка цалкам заменяць вінілам?

Аліна Свінкіна: “Я мяркую, што цягам паўгода — так. Справа за тым, каб было дзе друкаваць гэтыя постары. Менавіта кінапракат гэтым хоча заняцца — выпускаць гэтую вінілавую рэкламу. Пакуль яе атрымліваюць з Масквы. Прыходзяць фільмы і разам з імі гэтая рэклама”.

Ля кінатэатра “Перамога”, некалі вядомага хэндмэйд-афішамі, сёння амаль усе рэкламы вінілавыя. Толькі віншаванне “З Новым годам! Шчаслівых Калядаў!” намаляванае гуашшу пры дапамозе аэрографа.

“Звычайна мы перадаём вінілавыя рэкламы з кінатэатра ў кінатэатр”, — апавядае Еўрарадыё адна з касірак-кантралёраў.

Таксама ў “Перамозе” паведамілі, што цалкам адмаўляцца ад маляваных афіш не збіраюцца і некаторыя рэкламы да новых фільмаў будзе маляваць мастак. Постараў не хапае.

Зразумела, што кінаіндустрыя — гэта бізнес, і больш зарабляе той, хто аператыўна выкарыстоўвае новыя тэхналогіі. Хоць заходнееўрапейцы, якія наведваюцца ў Мінск і натыкаюцца на экзатычныя для іх хэндмэйд-афішы, неаднаразова звярталіся да мастакоў: прадай.

Самі ж мастакі ўжо маральна гатовыя шукаць новую працу.

Можа быць, у старадаўніх беларускіх кінатэатрах варта захаваць маляваныя рэкламы? Так бы мовіць, у якасці фішкі.

Модны постар каля кінатэатра "Цэнтральны"

Каларытныя маляваныя афішы ля "Кастрычніка": такія вялікія вінілавыя рэкламы ў Беларусь не пастаўляюцца

Маляваная рэклама каля "Міра"

Модны постар каля "Перамогі"

Маляванае віншаванне там жа

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі