Мэнэджар Green Pepper абяцае “расхістаць зуб” галоўнаму музычнаму эксперту

120619 Malina Pepper_0.mp3

"Убачыў у інтэрнэце навіну, што Green Pepper запісваюць новы альбом у Еўропе, - тлумачыць прычыны такой рэакцыі "Перцаў" сам Зміцер Безкаравайны. - Збянтэжыла тое, што вельмі шмат пафасу было ў гэтай навіне, пры тым, што дэбютны альбом быў вельмі слабенькі. Таму я пракаментаваў яе ў стылістыцы нармальнай для персанальных блогаў: "будзе такое ж какашко, ці крыху лепш!?" А раніцай я прачытаў паведамленне ад мэнэджара і бацькі вакаліста гурта Аляксандра Перцава, дзе было напісана шмат розных абразаў ды пагроз".


Па словах Змітра, паведамленняў з пагрозамі ад Аляксандра Перцава прыйшло некалькі, але самым паказальным было менавіта першае:

"Привет, юродивый!! Местоимение ВЫ, я исключаю из общения с тобой, потому что, кровать тоже местоимение, - цытуе на сваёй старонцы ў "ФБ" паведамленне ад мэнэджара Green Pepper Зміцер. - Меня просили не реагировать на твое хамство, но я не сдержался, извини. Узнав, кто увидел в 16-ти летнем вундеркинде талант, ты - обделаешься! Хотя нет, тебя устраивает твой белорусский нимб. (И ты будешь поносить все, что тебе неугодно, а вкус у тебя - казахского акына). Знаешь, я хотел многое написать, а потом понял, что терять время на общение с ass hole, не буду... Вякнешь (одно из любимых слов Моего Президента) - подам в суд, за поведение, недостойное журналиста (хотя, какой ты, к черту, журналист), а еще что-то напишешь, придурок, я тебе расшатаю зуб (Семнадцать мгновений судьбы, серию забыл) Ну, ты и гнида! Захочешь встретиться - звони, почти у всех моих друзей (к сожалению, и твоих), есть мой номер телефона. P.S. Вспомни, кем ты был в 16-ть лет, дегенерат!!! И, если я, услышу или прочитаю, что-либо негативное в адрес свой или близких мне друзей, поверь, я изыщу возможность поставить зарвавшуюся тварь, типа тебя, на место!!!"


На ўсялякі выпадак журналіст удакладніў у юрыстаў, ці з'яўляецца дзеянне мэнэджара "Перцаў" правапарушэннем і атрымаў станоўчы адказ. Праўда, пакуль рабіць ніякіх сур'ёзных крокаў Зміцер у адказ не збіраецца.

"Я разумею, што ў чалавека, хутчэй за ўсё, эмоцыі, што ён вельмі любіць свайго сына, - працягвае Зміцер. - Я яму ветліва напісаў, патлумачыў, што я апублікаваў гэта ў прыватным блогу. Ці чалавек збіраецца бегаць з пагрозамі за ўсімі, хто піша штосьці яму непрыемнае ў сваіх блогах?! Гэта ўвогуле нармальна? Гэта паводзіны дарослага чалавека, якому за 50? Калі б ён папрасіў мяне нармальнымі словамі, без пагроз, я б прыбраў свой пост нават нягледзячы на тое, што ніякай абразы ў ім няма - любы суд гэта пацвердзіць".


Натуральна, тон, абраны Аляксандрам Перцавым для размовы са Зміцерам, выклікаў неразуменне ў журналістаў ды беларускай калярокавай тусоўкі. Калі б нешта падобнае адбылося ў Заходняй Еўропе, кажуць калегі Зміцера, то гурт быў бы літаральна знішчаны ў прэсе.


"Сваімі такімі наездамі, мне падаецца, ён пахаваў гурт Green Pepper для беларускай музычнай грамадскасці, - здзіўляецца журналіст Зміцер Падбярэзкі, які ведае Аляксандра Перцава яшчэ з часоў яго ўдзелу ў гурце "Принцип Домино". - Я адназначна станаўлюся на бок Зміцера! Калі нехта наязджае на майго "калегу па цэху", незалежна ад таго, дзе ён працуе, у "Советской Белоруссіі" ці на experty.by, я буду праяўляць цэхавую салідарнасць. Музыкі не мусяць працаваць паводле саўковых прынцыпаў".


Як высветлілася, вакаліст гурта Green Pepper Даніэль прасіў свайго бацьку ніяк не рэагаваць на "какашко" Безкаравайнага, але той у выніку не стрымаўся. Аляксандр прызнаецца, што ён вельмі эмацыйны чалавек і часам шкадуе пра словы, якія сказаў у эмацыйным парыве. Але зараз, нават перачытаўшы свае паведамленні, не бачыць у іх ніякіх рэальных пагроз ды абразаў, якія маглі б так моцна пакрыўдзіць Безкаравайнага. А словы Зміцера пра "прыватны блог" Аляксандр у прынцыпе лічыць лухтой.


"Чалавек, які гэта піша, і ў якога там пэўная колькасць сяброў, мяркуе, што гэтыя дзве тысячы чалавек прачытаюць яго паведамленне. Калі б ён вёў дзённік, які б сам пісаў ды сам чытаў, то была б іншая справа. Таму тое, што ён кажа пра "прыватны блог, што жадаю, тое і пішу" - няпраўда, бо першапачаткова меркавалася, што народ будзе гэта чытаць".


Адначасова Аляксандр прызнае, што дзякуючы скандалу атрымаў ужо некалькі цёплых словаў наконт творчасці Green Pepper і нават нейкія прапановы па запісе. Ён абяцае, што калі музыкі вярнуцца з новым альбомам, і сам Зміцер Безкаравайны і калегі, якія яго падтрымліваюць, будуць пад такім уражаннем, што забудуцца пра канфлікт. Але прабачэння прасіць Аляксандр не збіраецца, хіба толькі, калі Зміцер зробіць першы крок. Не адмаўляе ён і перамоваў, маўляў, нават войны перамовамі можна скончыць але і тут мусіць быць ініцыятыва Змітра.

Але самым вялікім негатыўным наступствам гэтай сваркі Аляксандр бачыць толькі перажыванні свайго сына, "бо той яшчэ знаходзіцца ў такім узросце, калі ўсё ўспрымаеш значна бліжэй да сэрца".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі