Міхаіл Пашкевіч знайшоў аўтара "прывітання ад Бакіева"

Нагадаем, што гісторыя пачалася пасля таго, як Пашкевіч выпадкова сфатаграфаваў Жаныбека Бакіева ў цэнтры Мінску. Літаральна праз пару дзён у адной з кавярняў актывісту перадалі запіску з "прывітаннем ад Бакіева". Пасля гэтага хлопец напісаў заяву ў міліцыю.

Міхаіл Пашкевіч: "У панядзелак справай нарэшце занялася міліцыя і пачала апытваць усіх — хто, што, дзе і як. І тут ужо аўтар жарту зразумеў, што ўсё ідзе да крымінальнай справы. Учора гэты чалавек знайшоў мяне і прасіў прабачэння і казаў, што гэта жарт. І думаў, што я зразумею, што гэта жарт. А прэсу ён зараз не чытае і аб розгаласе гэтай гісторыі быў не ў курсе".

Пашкевіч кажа, што дакладнага прозвішча гэтага знаёмца ён не памятае. Ведае толькі, што гэты чалавек 4-5 гадоў таму быў у адной з апазіцыйных моладзевых арганізацыяў, распаўсюджваў улёткі, хадзіў на мітынгі. Зараз ад актыўнай палітычнай дзейнасці адышоў.

Пра тое, што запіска можа быць жартам, Пашкевіч падазраваў. Аднак, кажа актывіст, яго сябры і паплечнікі так не жартуюць, бо занадта часта сутыкаюцца з раптоўнымі затрыманнямі.

Дарэчы, Пашкевіч напісаў ужо ў міліцыю заяву, каб расследаванне спынілі. Прозвішча "жартаўніка" міліцыянтам ён называць не стаў, бо дакладна яго і не памятае. Але спасылку на нікнэйм і профіль "жартаўніка"-няўдаліцы ён абяцае выкласці ў сацыяльных сетках — каб грамадства ведала.

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі