Сівакоў: У клубе падкалваюць: толькі атрымаеш мяч, адразу бі па варотах!
Беларускі легіянер кракаўскай “Віслы” кажа, што прабіў па варотах “Лехіі” з 52 метраў абсалютна свядома: “Я бачыў, што варатар выйшаў далёка!” ДАДАЛОСЯ ІНТЭРВ'Ю
Гол-прыгажун забіў гулец моладзевай зборнай Беларусі Міхаіл Сівакоў, які зараз абараняе колеры кракаўскай “Віслы”. У матчы чэмпіяната Польшчы беларус выйшаў на замену на 86-й хвіліне. А ўжо праз хвіліну перахапіў мяч у цэнтры поля і адправіў за каўнер варатару гданьскай “Лехіі” па недасяжнай траекторыі.
“Пакуль сядзеў на лаўцы запасных — бачыў, што галкіпер “Лехіі” далёка выходзіць з варот, — распавёў Міхаіл Сівакоў. — У першай палове гульні ў падобнай сітуацыі апынуўся Цветан Генкаў. Але ён не заўважыў, што галкіпер “згубіў” вароты, і вырашыў зрабіць праход. Таму я ўжо ведаў, што магу дазволіць сабе такі ўдар. І, калі выйшаў на поле на 87-й хвіліне, ведаў, што рабіць!”
“Толькі вялікія футбалісты могуць так забіваць, і Сівакоў такім футбалістам будзе”, — пахваліў Сівакова на пасляматчавай прэс-канферэнцыі галоўны трэнер “Віслы” Роберт Маасканта.
Нагадаем, у Міхаіла Сівакова падпісаны кантракт з італьянскім “Кальяры”. Аднак пры пачатку сезона клуб з Сардзініі аддаў беларуса ў арэнду “Вісле”. У Сівакова ёсць добрыя шансы стаць сёлета чэмпіёнам Польчшы: за 5 тураў да канца першынства каманда з Кракава ўзначальвае турнірную табліцу і мае добры адрыў ад канукрэнтаў.