Мінюст выводзіць з ценю прыбыткі чыноўнікаў?

121207_lukashuk_padatki.mp3

Фота гадзінніка прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча коштам  37 тысяч долараў нарабіла шмат шуму. Асабліва з улікам таго, што ў красавіку міністр эканомікі Мікалай Снапкоў паскардзіўся, што зарабляе 750 долараў у месяц. Згодна ж з законам, дзяржслужачы можа прыняць падарунак, кошт якога не перавышае 20 долараў.


Але тлумачыць журналістам, адкуль у яго такая дарагая рэч, прэм'ер не збіраецца, гаворыць Еўрарадыё прэс-сакратар прэм’ер-міністра Вольга Доўгая.

Вольга Доўгая: “Размовы заўсёды былі, ёсць і будуць. Чалавек, які знаходзіцца навідавоку… Шмат можа быць розных размоў, і трэба адсейваць тыя, якія важныя, і тыя, якія не важныя”.


Можа, усе сумненні ў “чысціні” паходжання дарагога аксэсуара прэм’ера зніклі б, калі б можна было паглядзець дэкларацыю аб прыбытках Мясніковіча? Бо ўсе беларускія чыноўнікі абавязаныя штогод запаўняць дэкларацыю аб прыбытках. Вось толькі змест яе простаму чалавеку даведацца немагчыма — у інтэрнэт гэтыя дэкларацыі не выкладаюць. Афіцыйны запыт, каб даведацца, які прыбытак меў той ці іншы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, у прэс-службу парламента дасылаць не мае сэнсу.

Прэс-служба парламента: “Усе запаўняюць падатковыя дэкларацыі і здаюць у падатковыя органы. Вы можаце туды звярнуцца”.

Такі ж адказ атрымлівае Еўрарадыё і ў прэс-службе Савета Рэспублікі. Але, як тлумачыць кіраўнік Інспекцыі па падатках і зборах па Веткаўскім раёне Святлана Пракошына, да падаткавікоў звяртацца з такім пытаннем бессэнсоўна — нічога аб прыбытках чыноўнікаў яны не скажуць.

Святлана Пракошына: “Гэта з’яўляецца падатковай таямніцай — мы не маем права яе абнародаваць. У нас у законе не прапісана, што яе (дэкларацыю аб прыбытках. — Еўрарадыё) неабходна публікаваць. Прапісана, што дзяржслужачыя абавязаныя падаваць дэкларацыю”.

Мінюст нарэшце вырашыў змяніць гэтую сітуацыю і абавязаць публікаваць звесткі са сваіх дэкларацый. Сярод тых, каго можа закрануць такая ініцыятыва, прэм’ер-міністр, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта, генеральны пракурор, старшыня Цэнтравыбаркама, міністры ды іншыя.

Адпаведныя органы і зараз дэкларацыі чыноўнікаў правяраюць, супастаўляюць выдаткі з прыбыткамі. Асаблівую ўвагу падаткавікоў прыцягваюць набытыя машыны ўзростам да 3 гадоў, кватэры, дамы, нават — турыстычныя вандроўкі! Бо гэта, паводле словаў намесніка начальніка Інспекцыі МПЗ па Хоцімскім раёне Дзяніса Раманенкі, аўтаматычна ўспрымаецца як “дарагі набытак”. Але калі чыноўнікі будуць свае дэкларацыі публікаваць, то супаставіць звесткі з іх з коштам, да прыкладу, гадзінніка на руцэ зможа кожны цікаўны. І падказаць несупадзенне падаткавікам.


“Могуць праверыць гэтую інфармацыю і пракуратура, і іншыя органы...”, — папярэджвае супрацоўніца Інспекцыі МПЗ па Жабінскім раёне.

Фота: Антона Матолькі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі