На 5-старонкавую скаргу Уса Генпракуратура адказала двума радкамі

8 красавіка Дзмітрый Ус атрымаў надзвычай кароткі адказ Генеральнай пракуратуры на сваю скаргу аб неабгрунтаванасці абвінавачанняў у арганізацыі масавых беспарадкаў. Праваахоўны орган з довадамі не пагадзіўся.

У сваім звароце ў Генпракуратуру Дзмітрый Ус сцвярджае, што ў матэрыялах справы няма ніякіх доказаў, што ён "з мэтай арганізацыі масавых беспарадкаў з лістапада па 20 снежня 2010 года неаднакроць абмяркоўваў падчас сумесных сустрэч планаванне масавых беспарадкаў і размеркаванне роляў". На яго думку, ані выказванне на адной з сустрэч палітыкаў сваёй думкі аб тым, што другога тура галасавання не будзе, ані прапанова дамагацца жывога эфіру падставаў для такога абвінавачання не даюць.

Галаслоўным Дзмітрый Ус лічыць і абвінавачанне, быццам з мэтай арганізацыі масавых беспарадкаў ён праз СМІ, а таксама на сустрэчах перад выбарцамі "неаднойчы заклікаў апошніх прыбыць на Кастрычніцкую плошчу для ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве". Дзмітрый Ус піша, што падобных заклікаў у яго выступах не было, а выбарцы, якія былі на сустрэчах з кандыдатамі і выступаюць у крымінальнай справе ў якасці сведак, адзначаюць, што ён проста казаў пра сваю перадвыбарную праграму.

Экс-кандыдат абвяргае і тэзіс, што ён, "дзейнічаючы згодна з размеркаванымі ролямі... 19 снежня сабраў звесткі аб месцах дыслакацыі падраздзяленняў органаў унутраных спраў", перадаўшы іх па тэлефоне Мікалаю Статкевічу. Дзмітрый Ус сцвярджае, што адбыўся просты абмен інфармацыяй аб прысутнасці ў раёне Кастрычніцкай плошчы вялікай колькасці тэхнікі з супрацоўнікамі міліцыі. 14-гадовы сын Дзмітрыя Уса па дарозе ў краму сказаў бацьку прыблізную колькасць аўтамашын. Але падобных размоваў грамадзян з сваімі роднымі і знаёмымі было мноства, перакананы Ус. Дзеля таго, што каменданцкай гадзіны не было, усе грамадзяне маглі вольна перасоўвацца па вуліцах і абменьвацца інфармацыяй. Экс-кандыдат лічыць, што няма ніякіх прычын інтэрпрэтаваць такую тэлефонную размову ваенна-выведкавай лексікай часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Абвінавачанне таксама сцвярджае, што Дзмітрый Ус на Кастрычніцкай плошчы "загадзя спланаваўшы і падрыхтаваўшы правакацыі,.. падтрымаў паведамленыя Статкевічам М... звесткі... і заклікі апошняга распачаць актыўныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Стэнаграмы выступаў на плошчы і паказанні сведак у матэрыялах крымінальнай справы гэты тэзісы абвінавачання не пацвярджаюць, лічыць Дзмітрый Ус. Разам з тым ён сапраўды ацаніў выбары недэмакратычнымі, але падобныя выступы дачынення да крымінальнага кодэкса не маюць, улічваючы абароненую Канстытуцыяй свабоду слова.

Дзмітрый Ус не згодны і з тэзісам, быццам ён "працягваў кіраваць злачынствам", ідучы па праспекце да Дома ўрада "на чале бясчыннага натоўпу з некалькіх тысяч асобаў, якія аб'ядналіся ў адзіную разбуральную сілу". Удзел разам з іншымі грамадзянамі ў дыялогу з начальнікам сталічнай ДАІ ніякім чынам такое абвінавачанне не пацвярджае, лічыць былы кандыдат.

Нарэшце, безгрунтоўным Дзмітрый Ус разглядае і сцвярджэнне, быццам ён разам са Статкевічам на Плошчы Незалежнасці "выкарыстаў сабраных людзей як інструмент дасягнення сваёй мэты па захопе Дома ўрада, улічваючы псіхалогію натоўпу і скіроўваючы яго стыхійныя паводзіны ў патрэбнае яму рэчышча". У скарзе ў Генпракуратуру Дзмітрый Ус адзначае, сярод іншага, што на плошчы Незалежнасці прамоваў не рабіў, увогуле гукаўзмацняльнай апаратуры для скіравання ў нейкае рэчышча людзей не меў, ды пакінуў плошчу да самога моманту біцця дзвярэй у Доме ўрада.

Нагадаем, 18 сакавіка экс-кандыдатам у прэзідэнты Дзмітрыю Усу і Мікалаю Статкевічу прад'явілі абвінавачванне ў арганізацыі так званых "масавых беспарадкаў" 19 снежня 2010 года. 31 сакавіка крымінальная справа была перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд.

Фота: telegraf.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі