На афтэпаці "Соседнего мира" самай актуальнай стала песня "Ни минуты покоя"

120925_malina_sm.mp3

У Мінску паўтарылася “Беларуская ноч”, якая стала апошнім акордам летняга фестывалю “Соседний мір” ва ўкраінскай Керчы. Адмыслова для гэтага новы мінскі рок-клуб TNT быў ператвораны ў фестывальнае намётавае мястэчка. Пад сцэнай стаяў сапраўдны намёт, на якім нават фестывальны нумарок захаваўся, паўсюль віселі заплечнікі. У майках, банданах ды значках фестывалю хадзілі наведвальнікі імпрэзы, а на сцэне гралі тыя самыя гурты, якія запалілі “украінскую” “Беларускую ноч”.


"Калі я ішоў да прыпынку, каб ехаць на фэст, я быў вельмі зацікаўлены, — распавядае пра дарогу ва Ўкраіну і сам фэст немец Эндзі, які ўжо год жыве ў Беларусі і ўжо добра знаёмы з нашай музыкай. — Мне было цікава якія музыкі не на сцэне, бо ехаць мы збіраліся з імі. Натуральна, мы выпілі піва, раззнаёміліся і цяпер я магу прызнацца, што ў мяне з'явілася шмат сяброў, якіх я з задавальненнем бачу сёння на афтэпаці".

Што ж тычыцца, так бы мовіць, дэвіза паездкі беларусаў на "Соседний мир", то Эндзі не толькі падтрымаў яго ды вывучыў, але і знайшоў сваё ўласнае трактаванне.

"Ни минуты покоя!" — гэта стаўленне да жыцця, — тлумачыць Эндзі. — Нельга губляць ні хвіліны, няма заўтра. Ці ты жывеш сёння, ці ніколі. Людзі, якія  пакідаюць нешта на будучыню, губляюць сваё жыццё, бо калі ты не святкуеш сёння, ты не святкуеш ніколі".

Радок з песні гурта "Веселые ребята" гучаў адусюль цэлы вечар, ён нават быў напісаны на майках прысутных, а гурт J-J Bingz адмыслова падрыхтаваў кавер на песню.

Але агульны сяброўскі настрой не абышоўся без канфлікту. Гурт "Йо-Йо" адмовіўся прапагандаваць "вар'яцтва без перапынку". Яны адыгралі выдатны сэт, выканаўшы песні з новых, яшчэ не выдадзеных сінглаў ды альбома. І з сур'ёзнымі тварамі і, безумоўна, намерамі пайшлі адпачываць.

"Мне падаецца, гэта глупства нейкае, — з усмешкай выказвае сваё стаўленне да "Ни минуты покоя" лідар "Йо-Йо" Віктар Гурын. — Мяне прымушаюць гэта казаць, але я адмаўляюся, нейкая лухта. Таго, хто яе прыдумаў, трэба прыціснуць да сцяны і прымусіць, каб прасіў прабачэння".

Ужо на сярэдзіне канцэрта вылучыць сярод наведвальнікаў афіэпаці тых, хто не быў на самім фэсце было складана. Усе так змяшаліся і пранікліся агульным угарам, што людзі пачыналі рэальна лётаць па памяшканні клуба і пошуках мора, каб крыху астыць. А некаторыя музыкі тым часам настальгіравалі ды дзякавалі лёсу за паездку ў Керч.

"Гурт малады, у нас толькі першы ўзмах крылаў, таму было вельмі важна для калектыву трапіць на міжнародны фестываль, — узгадвае свой украінскі выступ лідар Step Hall Андрэй Бібікаў. — Гэта знакава, гэта птушачка ў біяграфіі гурта, гэта добра... гэта досвед, велічэзны досвед заўсёды. Фестываль даў нам шмат, у тым ліку, і алкагольны досвед, і досвед у стасунках з людзьмі, выступленняў на вялікай пляцоўцы. Пасля фэсту гурт вырас вельмі моцна".

Дарэчы, на "Соседнем мире" фанк-гурт Step Hall выступіў двойчы: першы раз — удзень на галоўнай сцэне, другі — падчас беларускай ночы, і гэта без уліку фінальнага джэма ўсіх прысутных музыкаў (не толькі беларускіх, але і мясцовых, з горада Керч). На афтэпаці ў TNT Бібікаў і кампанія таксама вылучыліся. Яны адкрылі канцэрт незапланаваным гадзінным джэмам, потым адыгралі ўласны сэт, а на закрыццё зладзілі яшчэ адзін, праўда ўжо кароткі джэмік.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі