Нацбанк спыніў продаж валюты для абменнікаў іншых банкаў
Правіла, па якім камерцыйныя банкі маглі набываць валюту наўпрост у НББ, праіснавала толькі тыдзень.
Камерцыйныя банкі больш не могуць падмацоўваць свае абменныя пункты, купляючы наяўную валюту ў Нацбанку. З 22 сакавіка абменнікі будуць запаўняцца выключна з таго, што ў іх здаюць людзі, а таксама з уласных сродкаў камерцыйных банкаў і валюты з рахункаў іх кліентаў, вырашыў Нацыянальны банк Беларусі.
Гэта не першае абмежаванне валютнага рынку ў гэтым месяцы. Тыдзень таму, 15 сакавіка, НББ абмежаваў камерцыйныя банкі ў набыцці безнаяўнай валюты. Тэрмін яе рэзервавання быў павялічаны з 1 дня да 30.
“Але ў гэты час людзі актыўна скупалі валюту, – тлумачыць кіраўнік прэс-службы Нацбанка Анатоль Драздоў. – Таму лістом ад 15 сакавіка Нацбанк дазволіў камерцыйным банкам набываць валюту наўпрост у Нацбанку. Але не столькі, колькі заўгодна, а розніцу паміж тым, колькі яны ў абменніках прадалі, і колькі за гэты ж час набылі ў людзей”.
Правіла продажу валюты, падобнае да гэтага, дзейнічала са студзеня 2011 года і ўспрымалася камерцыйнымі банкамі як балючае абмежаванне. Замовіць розніцу паміж тым, што людзі здалі, і што знеслі з абменнікаў, можна было толькі ў першыя тры дні месяца. Але ва ўмовах, калі валютная біржа спынілася на месячную паўзу, “старое новае” правіла раптам стала выглядаць як акт падтрымкі!
“Не хапіла ў Нацбанка амуніцыі, каб канчаткова пагасіць паніку, – мяркуе незалежны аналітык Сяргей Чалы. – Бо ідэя была ў тым, што за тыдзень насельніцтва пабачыць, што валюту прадаюць, і ўсё з ёй добра (бо прадаюць яе колькі заўгодна), і супакоіцца. Ці за тыдзень скончацца рублі, бо гэта ж таксама абмежаваны рэсурс. Была надзея, што хаця б наяўнай валюты хопіць, каб ажыятажны попыт насельніцтва задаволіць. Але праз тыдзень высветлілася, што пена ў вогнетушіцелі скончылася: не пагасілі!”
Што праўда, усяму добраму прыходзіць канец: падтрымліваць камерцыйныя банкі даўжэй за 1 тыдзень Нацбанк палічыў немэтазгодным:
“Каб дапамагчы банкам пераадолець кароткачасовы выбух попыту, мы ім дазволілі набываць валюту ў Нацыянальным банку, – дадае Анатоль Драздоў. – 22 сакавіка мы гэты ліст адмянілі. Ён дзейнічаў тыдзень – а цяпер мы вырашылі, што ў ім няма неабходнасці”.
Такім чынам, камерцыйныя банкі засталіся сам-насам з насельніцтвам, якое па-ранейшаму хоча долараў.