Народ любіць “Дажынкі”… за новую плітку на тратуарах!

 

Вынікі даследавання навукоўцы прэзентавалі на адмысловым круглым стале ў Мінску. Стараліся адзначаць і станоўчыя, і адмоўныя моманты “Дажынак” — захоўваць аб’ектыўнасць. Вы мяркуеце, што “Дажынкі” — гэта выключна трэш і аб’ект для насмешак? Жыхары гарадоў, дзе ўжо прайшло дзяржаўнае свята ўраджаю, так не думаюць. І нават баяліся адказваць на пытанні даследчыкаў!

"Дажынкі-2010". Фота: http://prosto-free.livejournal.com

Кіраўнік экспедыцыі гісторык Сцяпан Стурэйка апавёў, што ва ўсіх гарадах людзі непрыхільна ставіліся да апытанняў і з неахвотаю апавядалі пра “Дажынкі”.

Сцяпан Стурэйка: “Мы думалі — чаму? І зразумелі, што людзі ўсё ж задаволеныя былі тымі пераўтварэннямі. Яны думаюць, што ім далі такое невялічкае шчасце, а зараз вось прыязджаюць з Мінска нейкія там даследчыкі, якія хочуць неяк абразіць светлы вобраз “Дажынак”. Зараз усё даследуюць, раскрытыкуюць і адбяруць у нас гэтыя светлыя ўспаміны”.

Сцяпан Стурэйка

 

Спыняліся ўдзельнікі экспедыцыі, па мажлівасці, менавіта ў “постдажыначных” гатэлях.

 

Сцяпан Стурэйка:Ці ж гэта кепска, што гатэль, дзе была адна прыбіральня на паверх, наблізіўся да еўрапейскага ўзроўню? Ці кепска, калі паклалі плітку там, дзе раней не тое што пліткі, нават асфальту ніколі не было? Паставілі шклопакеты ў панэльных дамах — для людзей гэта шчасце!”

Пра плітку на круглым стале казалі асобна. Бо адным з пытанняў экспедыцыі да мясцовых жыхароў было: што найлепшае засталося ў вас у горадзе пасля “Дажынак”?

 

Сцяпан Стурэйка: “Плітка — гэта проста культурны зрух у беларускіх гарадах. Напрыклад, у Бабруйску ўсе, каго мы пыталі пра змены ў ідэнтычнасці горада, нават былыя супрацоўнікі аддзела культуры гарвыканкама, адказвалі: плітка! Плітка проста лёсавызначальная для беларускіх гарадоў”.


 

Паводле даследчыка Змітра Галіноўскага, у адказ на пытанне “Што такое “Дажынкі”?” большасць людзей казала пра еўрапейскасць фестывалю.

Зміцер Галіноўскі: “Яны гаварылі, што “Дажынкі” — гэта свята, якое зрабіла горад больш еўрапейскім. Але ж трэба разумець, што пад еўрапейскасцю людзі збольшага маюць на ўвазе інфраструктуру. Еўропа для іх — гэта не культура, не каштоўнасці, а добрыя дарогі, утульныя кавярні…”

Зміцер Галіноўскі

Экспедыцыя выязджала толькі ў 6 гарадоў з 15-ці, дзе праводзіліся “Дажынкі” ад 1996 года. Прычына простая — бракавала тэхнічных і матэрыяльных сродкаў на паўтара дзясятка вандровак. Таму энтузіясты па-сумленнаму абралі па адным горадзе з кожнай вобласці — гэта Маладзечна (Мінская), Кобрын (Брэсцкая), Бабруйск (Магілёўская), Орша (Віцебская), Ваўкавыск (Гродзенская) ды Мазыр (Гомельская). Іншыя гарады аналізаваліся праз артыкулы ў мясцовай прэсе — выяўлялі тыя аб’екты, якія ці з’явіліся нанава, ці былі адрамантаваныя.

Спадар Стурэйка з сумам адзначае, што рэканструкцыя (альбо, наадварот, руйнаванне) архітэктурнай спадчыны ўвогуле не хвалюе большасць людзей.

Сцяпан Стурэйка: “У нас быў распрацаваны цэлы апытальнік з 15-20 пытанняў. Мы пыталіся пра змены ў якасці жыцця, пра тое, ці адчуваюцца “Дажынкі” пасля пэўнага часу — праз 2-3-5 гадоў, у кожным горадзе па-рознаму. Спрабавалі зразумець, якое месца займае спадчына ў светаўспрыманні гэтых людзей — ці яны ўспрымаюць свой горад, сваю ідэнтычнасць праз помнікі архітэктуры, праз стаўленне да мінулага. На жаль, тут троху песімістычна — мала хто ўспрымае. А мы ж пыталіся не толькі ў простых людзей, але і ў журналістаў, і ў рэдактараў мясцовых незалежных сайтаў, і ў архітэктараў, і ў чыноўнікаў, і ў дэмакратычных актывістаў…”

Дом Максіма Гарэцкага ў Горках вырышылі зруйнаваць якраз праз хуткія "Дажынкі". Фота: svaboda.org

 

Архітэктурная спадчына — ці не самае балючае наступства ўсіх “Дажынак”. У кожным горадзе, дзе адбываецца свята жніва, абавязкова руйнуюцца нейкія помнікі архітэктуры — калі рэстаўраваць для мясцовага бюджэта іх дорага. Вось і падчас “Дажынак-2012”, якія пройдуць у Горках, паўстала ўсё тая ж праблема: дом беларускага пісьменніка Максіма Гарэцкага, верагодна, зруйнуюць… Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі лічыць, што гэтая практыка звязана з перагібамі “на месцы”.

Сяргей Харэўскі

Сяргей Харэўскі: “Гэта факт, і ніводныя “Дажынкі” без гэтага не абыходзіліся. Паколькі захаванне помнікаў не ёсць мэтай “Дажынак” і гэта не ўплывае на электарат, “Дажынкі” праводзяць такім чынам, каб максімальная колькасць людзей, якія жывуць там, адчулі гэтую меркантыльную карысць з фестывалю. Добра ці кепска нешта робіцца — гэта залежыць ад мясцовага начальства, у залежнасці ад узроўня іх культуры, патрыятызма. Вось па выніках даследавання мы бачым, што ўвалілі шмат грошай у Ваўкавыск, а ваўкавычане не вельмі задаволеныя. Там, дзе былі прадуманыя рашэнні і начальства падбала пра некаторыя бюджэты на культуру, і дзе былі добрыя выканаўцы — напрыклад, у Оршы, у Шклове ды некаторых іншых гарадах, там няма нараканняў! Там якраз гэтыя “Дажынкі” былі выкарыстаныя для рэалізацыі добрых праектаў — аднаўлялі ратушы, гандлёвыя рады”.

Удзельнікі экспедыцый ў адзін голас абвяргаюць тэзу, што “Дажынкі” — гэта трэш, прадмет насмешак і сцёб. Маўляў, кпяць з “Дажынак” толькі ганарыстыя мінчукі. Можа таму, што “Дажынак” у сталіцы яшчэ не было?

У Шклове да "Дажынак" аднавілі старадаўнюю ратушу з гандлёвымі радамі і зрабілі тут школу

Адноўлены езуіцкі калегіюм у Оршы

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі