Nezalezhnastci Sq — Ладуцька загадаў вывесіць англамоўныя шыльды (фота)
Англійская мова на іх прадублюе беларускую.
У цэнтры Мінска з’явіліся новыя шыльды з назвамі вуліц і аб’ектаў на беларускай і англійскай мовах.
“Ведаеце, гэта паводле даручэння мэра. Ёсць такое даручэнне для цэнтральнай часткі горада. І вось першыя шыльды ўжо павесілі. Вы сабе ўяўляеце гэтыя невялічкія шыльды з трыма мовамі? У сувязі з канцэпцыяй прасторавага арыентавання ў горадзе Мінску ўсе шыльды будуць на беларускай і англійскай мовах”, — расказвае Еўрарадыё старшыня інфармацыйна-турыстычнага цэнтра “Мінск” Алена Пліс.
Калі ў еўрапейскіх сталіцах англамоўныя шыльды – звыклая з’ява, якая аблягчае жыццё турыстам, то ў нас яны з’явіліся ўсяго некалькі дзён таму. Пакуль іх можна ўбачыць толькі ў ваколіцах плошчы Незалежнасці. Цэнтральная частка праспекта, плошчы Кастрычніцкая, Свабоды і Перамогі пакуль выключна беларускамоўныя. Аднак цягам года там таксама з’явяцца англамоўныя шыльды.
“У цэнтральнай частцы — Верхні горад, гістарычны цэнтр, плошча Незалежнасці, магчыма, "Кастрычніцкая" плошча. Усе цэнтральныя месцы горада”, – дадае Алена Пліс.
Большасць шыльдаў на праспекце пакуль выключна беларускамоўныя.
Указальнікі для турыстаў на плошчы "Свабоды".
Цікава, што ў планах няма чыгуначнага вакзала! Турыстам давядзецца наўгад прабрацца да плошчы Незалежнасці, а адтуль рухацца па маршруце,які для іх паспеюць перакласці...
Дызайнер Васіль Андрэеў расказвае Еўрарадыё, што ідэя сама па сабе нядрэнная, а вось рэалізацыя кульгае і ўказвае на пераклад Паштамта як General post office.
“Хто перакладаў – незразумела. Калі ўзгадаць назву кампаніі General Electric – гэта ж не значыць “Галоўны электрык”. А ў інтэрпрэтацыі гэтага перакладу менавіта так і атрымоўваецца!”
Хоць гэта і не жахлівая памылка, але карэнны англічанін выраз “Галоўнае паштовае аддзяленне” хутчэй перакладзе як Central post office ці Main post office, што дарэчы напісана на сайце Паштамта.
Турыстычная інфармацыя ў горадзе амаль уся па-руску.
Апроч перакладу, 15 чэрвеня сталічныя ўлады аб’явілі і чарговы конкурс на стварэнне брэнда горада.
“Конкурс будзе праводзіцца сярод кампаній, якія будуць распрацоўваць брэнд Мінска. Па яго выніках выберуць адну кампанію”, — расказвае Еўрарадыё загадчыца Інфармацыйна-турыстычнага цэнтра “Мінск”.
Нагадаем, сталічныя ўлады ўжо атрымлівалі прапанову супрацоўніцтва ў распрацоўцы брэнда горада ад брытанскай фірмы. Англічане прасілі за працу 300 тысяч долараў. У выніку мінскія чыноўнікі вырашылі прыцягнуць да стварэння брэнда беларускіх дызайнераў. Плён іх працы павінен быць апублікаваны праз год.