Ніна Стужынская: "Гісторыя гэтага гімна слаўная і далёка не скончаная"

110818 StuzhynskajaS.mp3

Пра Макара Краўцова, 120-я ўгодкі якога адзначаюцца 18 жніўня, Еўрарадыё паразмаўляла з гісторыкам, даследчыцай беларускага антысавецкага супраціву Нінай Стужынскай.

Еўрарадыё: Наколькі папулярны быў у 1920-я гады гімн “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”?

Ніна Стужынская: Ён быў вельмі папулярны ў асяродку нацыянальна арыентаваных людзей. Ён нарадзіўся ў асяродку тых, хто марыў пра незалежную Беларусь, і хто шмат зрабіў для гэтага, у тым ліку са зброяй у руках. Увасабленне тых настрояў, таго пафасу, таго эмацыйнага ўздыму — гэты гімн.

Еўрарадыё: А які яго лёс?  

Ніна Стужынская: Ён часта друкаваўся ў перыёдыцы 1920-х гадоў, яго выконвалі слуцкія паўстанцы, калі ішлі на змаганне. На славутым парадзе падчас Слуцкага паўстаньня, які прымалі прадстаўнікі Найвышэйшай Рады, што прыехалі з Варшавы 27 лістапада 1920 года, Кузьма Цярэшчанка, адзін з кіраўнікоў, прымаў гэты парад і нават пусціў скупую слязу пад гэты марш, які выконвалі паўстанцы. Гэта адбывалася ў Семежава, на круглай рынкавай плошчы. Але, напрыклад, у партызан, антысавецкай партызанкі папулярнай была іншая песня “Адвеку мы спалі”. Я думаю, што проста час той Беларусі — дэмакратычнай і мяцежнай — скончыўся ў дваццатыя гады, таму сышоў на нейкі час у нябыт і гэты гімн. А як быў запатрабаваны ў 1990-я гады — зноў адрадзіўся і стаў папулярным.

Еўрарадыё: Аўтар гэтага гімна Макар Краўцоў у канцы 1939 года быў арыштаваны разам з іншымі дзеячамі вызвольнага руху. Цяпер не вызначанае месца яго пахавання. Ці азначае гэта, што ён ляжыць у Курапатах? 

Ніна Стужынская: Так дакладна я б не сказала, магчыма, і ў іншым месцы. Хаця і не выключана, што ў Курапатах. Трэба даследаваць, прасачыць лёс арыштаваных у той час людзей, гэтым трэба займацца.

Еўрарадыё: А ці магчыма такое даследаванне сёння?

Ніна Стужынская: Нават калі разваліўся Савецкі Саюз, не было такога шырокага доступу, не ўсё, што мы хацелі, маглі паглядзець. Цяпер гэта абсалютна немагчыма. Але я думаю, са зменай рэжыму трэба будзе зрабіць даследаванне лёсу гэтых людзей.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі