Палкоўнік Алег Алкаеў таемна наведаў Мінск (відэа)
Па словах экс-начальніка Следчага ізалятара МУС №1, ён атрымаў дакументы пра знікненне палітыкаў. Гэтыя дакументы ён плануе скарыстаць пры напісанні новай кнігі
У каментары Радыё "Свабода", Алкаеў паведаміў, што гэта не першы яго прыезд у Мінск. Нагадаем, што экс-кіраўнік турмы на вуліцы Валадарскага атрымаў палітычны прытулак у Нямеччыне, дзе жыве з 2001 года. Паводле нямецкага заканадаўства, наведванне Беларусі пагражае яму стратай статусу палітуцекача.
Алкаеў пакінуў Беларусь 11 гадоў таму, папярэдне абвясціўшы, што Юрый Сівакоў і Дзмітрый Паўлічэнка могуць быць датычныя да знікнення і забойства зніклых палітыкаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Сам Алкаеў па асабістым распараджэнні міністра ўнутраных справаў Сівакова выдаваў расстрэльны пісталет у дні знікнення палітыкаў.