Прадстаўніца Фонду ААН: У Беларусі існуе дыскрымінацыя жанчын

У Беларусі існуе дыскрымінацыя жанчын, і гэта праблема надзвычай актуальныя. Такое меркаванне ў гутарцы з Еўрарадыё выказала спецыяліст па праграмнай дзейнасці Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) Таццяна Пранько.

Як прыклад эксперт назвала тое, што жанчыны затрачваюць на неаплатную хатнюю працу ў тыдзень удвая больш часу, чым мужчыны. Таксама Таццяна Пранько адзначыла і той факт, што заробак жанчыны складае 80% ад заробку мужчын на адной і той самай пасадзе.

Зрэшты, Таццяна Пранько кажа, што гэтыя стэрэатыпы ўсё ж змяняюцца. Маладзейшыя пакаленні беларусаў менш схільныя да жаночай дыскрымінацыі.

Пранько: "Маладое пакаленне, яно больш усведамляе, што гэта сапраўды дыскрымінацыя. Што няма такога паняцця, як мужчынская і жаночая праца. Што істотна, каб сям'я дзялілася пароўну паміж мужчынам і жанчынай. У старэйшых пакаленняў гэтыя стэрэатыпы больш распаўсюджаныя. Вельмі часта маці правакуюць гэтыя стэрэатыпы ў сваіх дзяцей".Маладое пакаленне, яно больш усведамляе, што гэта сапраўды дыскрымінацыя. Што няма такога паняцця, як мужчынская і жаночая праца.

Аднак статыстыка кажа, што ў Беларусі на тысячу мужчын, старэйшых за 80 гадоў, прыпадае тры тысячы жанчын. Ці не абвяргае гэта думку пра жаночую дыскрымінацыю? Эксперт мяркуе, што тут спрацоўваюць іншыя фактары.

Пранько: "Смяротнасць мужчын вышэйшая, чым жанчын. Асабліва ў нас вялікая смяротнасць мужчын у працаздольным узросце: вялікая колькасць мужчын памірае, не дажываючы да 60 гадоў. Жанчыны, напэўна, больш клапоцяцца пра сваё здароўе, жанчыну гадуюць як будучую маці, і яна заўжды больш увагі надае свайму здароўю. А мужчына… Таксама гендарны стэрэатып, што сапраўдны мужчына — ён рызыкуе, сапраўдны мужчына заўжды здаровы, ён не можа паскардзіцца на сваё здароўе і пайсці да доктара. Таму і атрымліваецца, што мужчыны праз рызыкоўны лад жыцця і праз нядбанне пра сваё здароўе, на жаль, маюць вышэйшую смяротнасць".

Эксперт мяркуе, што з часам гендарная сітуацыя будзе паляпшацца, бо людзі становяцца больш адкрытымі да дыскусіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі