Праваабаронца правёў "лікбез" сярод пракурораў Віцебшчыны

120906 KustouskiPrakuror.mp3

Праваабаронца з арганізацыі Еўрабеларусь Павел Левін вырашыў азнаёміць пракурораў вобласці з тым, што пры ААН, сябрам якой з’яўляецца Беларусь, існуе Камітэт супраць катаванняў.


Пракуроры розных раёнаў Віцебскай вобласці да ініцыятывы праваабаронцы Паўла Левіна правесці сярод іх “лікбез” паставіліся па рознаму: хтосьці прыняў і абмеркаваў з ім умовы ўтрымання зняволеных, хтосьці пазбягаў сустрэч ці абмежаваўся адпіскамі.


Так пракурор Наваполацка Алена Коласава адмовіла ў сустрэчы праваабаронцу, нягледзячы на тое, што ён завітаў да яе ў дзень для візітаў грамадзян. Сустрэча з пракурорам гэтага раёна была вельмі важная - скардзіцца праваабаронца - бо менавіта тут адбываў пакаранне экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў, які пасля вызвалення публічна заявіў пра катаванні падчас зняволення. Зрэшты, пракурор Наваполацка Алена Коласава не толькі адмовіла ў сустрэчы праваабаронцу Паўлу Левіну, але – і ў размове журналісту Еўрарадыё.


"Не буду даваць Вам каментароў, гэта - маё права" - адмовілася, дарэчы, каментаваць візіт праваабаронцы журналісту Еўрарадыё не толькі пракурор Наваполацка.


Аднак, праваабаронца перакананы, што візіт да 25 пракурораў даў свой плён, бо жывая гаворка нашмат больш эфектыўная, чым сухое ліставанне з пракуратурай. Пра рэакцыю пракурораў на яго нестандартны падыход да працы з выканаўчай уладай расказвае Павел Левін.

 
"Рэакцыя пракурораў была розная: пракурор Віцебскага раёна не сказаўшы ні слова ўважліва выслухаў усё, узяў пісьмовы зварот; пракурор Расонскага раёна не зразумеў меты майго візіту, паслаў па дапамогу, каб я пісьмова растлумачыў тым, нашто я да яго прыйшоў. Пракурор Гарадоцкага раёна перш пачаў размаўляць, але калі я вярнуўся дахаты - поштаю атрымаў усю дакументацыю, якую яму прынес. Былі і пазітыўныя хвіліны - калі пачыналася дыскусія" - падсумоўвае Павел Левін.


Ці быў такі візіт карысным для саміх пракурораў, ці даведаліся яны нешта новае, — меркаваннем з Еўрарадыё падзяліўся намеснік пракурора Полацкага раёна Андрэй Шадурка.


"У нас любы зварот грамадзяніна мусіць быць разгледжаны, таму я азнаёмлены" - распавядае Андрэй Шадурка і дадае, што нават пісьмова адказаў праваабаронцу, што ў дадзеным дакладзе няма ніякіх дадзеных наконт таго, што нейкія парушэнні ці катаванні ў дачыненні да грамадзян мелі месца ў Полацкім раёне".

Па словах Андрэя Шадуркі, пытаннем праверак супрацьпраўных дзеянняў з боку супрацоўнікаў міліцыі ў дачыненні да грамадзян цяпер займаецца не пракуратура, а іншая структура:

 
"Бываюць розныя выпадкі, калі звяртаюцца грамадзяне, што супраць яго нейкія супраць праўныя дзеянні, у першую чаргу міліцыі, мы праводзім праверку, але са студзеня гэтага году, такімі выпадкамі займаецца не пракуратура, а следчы камітэт" - дадае Андрэй Шадурка.


Што атрымоўваецца: праваабаронца Еўрабеларусі звярнуўся не па адрасе, трэба было не пракурораў абыходзіць, а ісці ў Следчы камітэт?


Павел Левін лічыць, што пракурор, які скіроўвае да Следчага камітэту, хаваецца за нейкай заслонай. Бо праваабаронцы не кажуць пра падзеі, якія мелі месца сёння ці ўчора, яны кажуць пра падзеі, якія адбываюцца ў краіне на працягу некалькіх гадоў. Сапраўды, цяпер у пракуратуры забралі такую дзейнасць, як следства, і пракуратура ажыццяўляе выключна нагляд, нагляд, у тым ліку, і за захаваннем правоў грамадзян. Калі нават пракуратура цяпер  і не можа самастойна распачаць крымінальную справу, але спыняць выпадкі парушэнняў правоў чалавека і звяртацца ў Следчы камітэт, каб па такіх фактах была распачатая крымінальная справа, пракуратура можа і павінна гэта рабіць.

Рэпартаж створаны для праграмы "Кардыяграма"

Фота: http://www.cultinfo.ru 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі