Польскія праваабаронцы запатрабавалі расследаваць дзеянні пракуратуры

110812 Eurafokus.mp3

12 жніўня ў Варшаўскай ўправе Хельсінскага фонда па правах чалавека адбылася прэс-канферэнцыя. Нагода - выдача Генеральнай пракуратурай Польшчы беларускім уладам інфармацыі пра банкаўскія рахункі беларускага праваабарончага цэнтра “Вясна” і яго старшыні Алеся Бяляцкага. Удзел у прэс-канферэнцыі ўзялі польскія праваабаронцы з Хельсінскага фонда па правах чалавека Данута Прывара, Адам Боднар і Богна Хмялеўска, а таксама старшыня Усходнееўрапейскага дэмакратычнага цэнтра Павел Казанэцкі. Па словах старшыні Хельсінскага фонда Дануты Прывары, тое, што здарылася, проста неверагодна.

Прывара: “Мы не маглі і не хацелі паверыць у тое, што Польшча падала Беларусі інфармацыю пра аднаго з самых вядомых беларускіх праваабаронцаў. Тое, што здарылася, можна назваць вышэйшай формай безадказнасці. Мы заўжды заклікалі калегаў з Беларусі, каб тыя карысталіся нашай дапамогай, у тым ліку фінансавай. Тым больш, што кіраўніцтва Польшчы дало нам гарантыю, што яно будзе спрыяць таму, каб аніякая прыватная інфармацыя не даходзіла да афіцыйнага Мінска". 

Гэтыя словы пацвердзіў Павел Казанэцкі. У студзені сёлета польскі МЗС запэўніў правабаронцаў, што дзяржава будзе рабіць усё магчымае, каб пазбегнуць уцечкі за ўсходнюю мяжу любой інфармацыі, якая датычыць дзеячаў беларускай апазіцыі. Акрамя таго, Казанэцкі пракаментаваў інфармацыю, якая з’явілася ў польскай прэсе адносна ўчарашняга скандала.

Казанэцкі: “У некаторых польскіх медыях з’явіліся наступныя каментары: а чаму беларускія арганізацыі дзейнічалі нелегальна і ўтойвалі інфармацыю пра свае рахункі? Так сталася таму, што сітуацыя ў Беларусі такая, што арганізацыі, якія калісьці не ўтойвалі факту атрымання грантаў, караліся вялізнымі штрафамі за нелегальнае супрацоўніцтва з замежнымі арганізацыямі. Тым больш, большасць па-за ўрадавых арганізацыяў на Беларусі страцілі статус легальных, сярод іх і “Вясна”.

Не маючы рэгістрацыі, арганізацыя не можа мець банкаўскага рахунку ні ў Беларусі, ні па-за яе межамі. Гаворыць экспертка Хельсінскага фонда па правах чалавека Богна Хмялеўска.

Хмялеўска: “Ніводная незарэгістраваная арганізацыя не можа мець рахунку. Адзінае выйсце – стварыць такі рахунак на імя нейкай асобы. І калі нехта яшчэ памятае часы дыктатуры ў Польшчы, тады таксама апазіцыйныя арганізацыі не трымалі свае фінансавыя сродкі на легальных рахунках”.

Свае дзеянні па выдачы інфармацыі Беларусі Генеральная пракуратура Польшчы патлумачыла тым, што паміж Польшчай і Беларуссю існуе Дамова аб прававой дапамозе ад 26 кастрычніка 1994 года. Аднак, як сцвярджае намесніца старшыні Хельсінскага фонда па правах чалавека Адам Боднар, гэтая Дамова зусім не абавязвае нікога прадастаўляць інфармацыю.

Боднар: “Варта памятаць, што  паводле пункта 19 гэтай Дамовы адзін бок можа адмовіць іншаму ў прадстаўленні інфармацыі ”.

Паводле польскіх праваабаронцаў, усе вінаватыя ў сітуацыі, якая склалася, павінны панесці адказнасць.

Боднар: “Пасля рэформы 2010 года пракуратура ў Польшчы незалежная, але, згодна з артыкулам 10-э “Устава аб Пракуратуры”, прэм’ер-міністр можа запатрабаваць комплекснага высвятлення пэўнай справы. У гэтай сітуацыі, прэм’ер, безумоўна, павінен умяшацца, каб высветліць, як гэта здарылася, хто нясе за гэта адказнасць, і каб больш такога не паўтаралася”.

Нагадаем, старшыня беларускага праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі цяпер у турме, яго вінавацяць ва ўкрыванні падаткаў, яму пагражае да 7 гадоў турмы.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі