Пятровіч: “Галасавалка была неадназначная, мы думаем ад яе адмовіцца”
“Дзеяслоў” уручыў штогадовую дзевятую прэмію. Цырымонія ўручэння прайшла сціпла. Ледзьве не адзінымі прысутнымі на ёй былі самі лаўрэаты ды журналісты (ВІДЭА)
30 сакавіка ўзнагароджвалі лаўрэатаў “Залатога апострафа”.
“Калі першыя нашы ўрачыстасці былі сапраўды вялікімі ўрачыстасцямі, праходзілі ў Доме літаратара. На нашы вечарыны збіралася 300-400 і больш чалавек. Гэтым разам мы вырашылі зрабіць больш сціпла і проста”, - першым узяў слова галоўны рэдактар “Дзеяслова” Барыс Пятровіч.
Галоўны рэдактар адзначыў, што “галасавалка” была неадназначнай, і нават прызнаўся ў тым, што думае адмовіцца ад яе ў будучыні.
Яшчэ адной адметнасцю цырымоніі стала тое, што таямніцы гэтым разам не было. Усе ведалі лаўрэатаў. Ім уручылі дыпломы, пасля чаго ўсе засталіся на невялікі фуршэт.
Такім чынам, у намінацыі "Проза" лаўрэатам стаў Ігар Бабкоў. Ён так пракаментаваў атрыманне прэміі:
“Мне было прыемна канкураваць за яе з літаратарамі, якіх я люблю і паважаю, такімі як Макс Шчур, які сядзіць у Празе і піша цудоўныя прозу і вершы. Як Ева Вежнавец, якая сядзіць у Варшаве і піша вельмі мала, але дзіўны беларускі, крыху дэпрэсіўны, крыху маніякальны мадэрн… Такімі як Славамір Адамовіч, які дэбютаваў у новай дакументальнай прозе”.
У намінацыі "паэзія" прэмію атрымаў паэт Віктар Жыбуль. Ён прызнаўся, што амаль выпадкова стаў лаўрэатам:
“Нечакана напісалася, нечакана даў адразу ў Дзеяслоў, нечакана атрымаў прэмію”.
Віктара Жыбуля папрасілі пачытаць вершы.
У намінацыі "Дэбют" прэмію атрымаў Алесь Плотка за вершы. Таксама прэмію часопіса “Дзеяслоў” і Алеся Усені “За ўклад у развіццё сучаснай беларускай літаратуры” атрымаў Кастусь Цвірка.
Нагадаю, што зусім нядаўна адбыліся ўручэнні іншых, новых, прэмій. Так, прэмію Ежы Гедройца атрымаў Павел Касцюкевіч за “Зборную РБ па негалоўных відах спорту”, а прэмію “Дэбют” - Віктар Марціновіч за кнігу “Сцюдзёны вырай”.