Радзькоў: Партыя прадстаўляе барацьбу за ўладу. А мы ўладу падтрымліваем

“Яго ўдзельнікам — моцнага здароў’я, аптымізму, паспяховай дзейнасці. Аляксандр Лукашэнка”, — такімі словамі скончылася прывітанне кіраўніка краіны ўдзельнікам ІІ З’езда рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.

Прывітальныя словы зачытваў старшыня арганізацыі і па сумяшчальніцтву першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі кіраўніка Беларусі, Аляксандр Радзькоў. Сам Лукашэнка па невядомых прычынах на з’езд прыехаць не змог.

А дарма. Паглядзець было на каго. Пачынаючы з прыгожых маладых дзяўчат, апранутых у караценькія белыя сукенкі з сімволікай арганізацыі, і заканчваючы прадстаўнікамі дзяржаўнай эліты — міністрам юстыцыі, міністрам інфармацыі, старшынёй Нацбанка. Сярод ВІП-гасцей нават заслужаная спявачка Ірына Дарафеева была. Былі і дэлегаты з’езду. Ажно 415 чалавек (10 да сталіцы не даехала па прыватных прычынах). У дадатак — 70 ганаровых гасцей. Няслаба. У выніку малая зала Палаца Рэспублікі была запоўненая цалкам — журналістам месцаў не хапіла.

З’езд распачаў сваёй доўгай прамовай старшыня Радзькоў. Расказаў, як шмат добрага было зроблена за апошнія пяць гадоў. Што сабралі 19 з паловай мільярдаў рублёў членскіх узносаў, аб’ядналі ў сваіх шэрагах 133 тысячы чалавек, распрацавалі сімволіку арганізацыі. Пахваліўся, што з 70 кандыдатаў у дэпутаты, якіх “Белая Русь” падтрымала на апошніх выбарах, у Палату Прадстаўнікоў трапіла ажно 63.

Закрануў Радзькоў і адзінае пытанне, якое стварала хоць нейкую інтрыгу дня — пытанне аб пераўтварэнні “Белай Русі” ў палітычную партыю. Сенсацыі не адбылося. “Гэты працэс павінен саспець…”, — з нейкай рамантычнасцю у голасе заявіў старшыня. І тут жа выдаў яшчэ адну прычыну, па якой палітычнай партыі “Белая Русь” не будзе. Маўляў, назвы пакуль не падабралі. А затым і ўвогуле ашаламіў: “Партыя прадстаўляе барацьбу за ўладу. А мы ж з вамі ўладу падтрымліваем…”. Ці азначае гэта, што ператварэнне ў партыю будзе аўтаматычна азначаць пераход у апазіцыю да Лукашэнкі — не ўдакладніў.

Далей было пра бясконцыя поспехі. Нават перамозе БАТЭ над “Баварыяй” месца знайшлося. Нагадаў старшыня “Белай Русі” і пра неабходнасць трымацца заканадаўства. “Тут міністр юстыцыі, мы павінны ўсё выконваць!” — ці то жартам, ці то сур’ёзна заявіў Радзькоў.

Пасля старшыні за трыбунай з’явілася Алена Пашковіч – старшыня Ушачскага раённага савета дэпутатаў і адначасова старшыня раённай арганізацыі “Белай Русі”. Пачала з важнасці сваёй грамадскай арганізацыі для развіцця краіны, а скончыла цытатамі з Якуба Коласа: “Няхітрая справа трапіць нагой у праложаны след, нашмат складаней пракладваць шлях самому”. Заявіўшы пра тое, што трэба не падбіраць ключы да сэрцаў іншых, а адкрываць свае, Пашковіч сарвала авацыі і саступіла месца наступным выстопоўцам.

Вячаслаў Доўнар кіраўнік праўлення ААТ “Група БІТ-Юніон” і рэдкі прадстаўнік бізнэса ў залі (толькі 14 чалавек з 415 дэлегатаў былі бізнэсоўцамі), расказаў пра сваё ідэалагічнае ноў-хаў. Валодаючы транспартнай кампаніяй, ён вырашыў папулярызаваць “Белую Русь” за межамі краіны: “Мы ганарымся тым, што эмблема “Белай Русі” ёсць на нашых фурах… мы рыхтуем нашых кіроўцаў такім чынам, каб  яны маглі расказаць аб “Белай Русі” і замежнікам”.

Нечаканую прапанову зрабіла і Таццяна Каліціна – намесніца кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска. На яе думку, неабходна “прыцягваць іх (краін Захада. — Еўрарадыё) моладзь да нас. Уздзейнічаць на еўрачыноўнікаў складана, а на моладзь можна”. Шкада, што рэгламент з’езда не дазволіў жанчыне больш падрабязна расказаць пра ідэалагічныя планы — кожны выступоўца меў не больш за 40 хвілін для данясення сваіх ідэй і ўражанняў да дэлегатаў.

Пасля выступаў на з’ездзе пачаўся перыяд галасавання за змены ў Статуце і Праграме “Белай Русі”, выбары Рэспубліканскага савета, Цэнтральнай рэвізійнай камісіі і старшыні арганізацыі. Агулам карткі з мандатамі ўздымаліся ўгару больш за дзесяць разоў. Ніводны з 415 дэлегатаў з’езда не прагаласаваў супраць прапанаванага старшынёй і нават не ўстрымаўся ад галасавання. Здзіўленне ў журналістаў выклікалі толькі раздрукоўкі ў руках некаторых дэлегатаў. Там загадзя былі пазначаныя як словы Радзькова, так і адказы ўдзельнікаў з’езду. Але такая дробязь на агульны святочны настрой паўплываць не магла.

“Хто за тое, каб прызнаць дзейнасць нашай арганізацыі задавальняючай? Усе”, — завяршаў Аляксандр Радзькоў з’езд, на якім яго пераабралі кіраўніком яшчэ на пяць гадоў. Іншых кандыдатур проста не было, а браць самаадвод Радзькоў не рашыўся. Развітваючыся з дэлегатамі ён нагадаў пра накрытыя ў фае сталы з абедамі і па-змоўніцку параіў па дарозе дадому спыніцца ў лесе. Для чаго, Радзькоў не ўдакладніў.

Агулам з’езд самай буйной грамадскай арганізацыі краіны працягваўся 3 гадзіны і 8 хвілін. Апазіцыйныя структуры пра такую аператыўнасць могуць толькі марыць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі