Раманчук, Саннікаў і Някляеў вызначаць супольныя патрабаванні да дэбатаў
Як даведалася Еўрарадыё, прэтэндэнты ў прэзідэнты байкатаваць тэледэбаты на дзяржаўным тэлебачанні не будуць. Нават калі яны адбудуцца ў запісе.
Белтэлерадыёкампанія заявіла пра намер зладзіць перадвыбарныя тэледэбаты.
"Дэбаты
адбудуцца, бо гэта адпавядае заканадаўству. Зараз мы распрацоўваем наш
унутраны парадак, каб забяспечыць іх рэалізацыю на належным узроўні", — сказаў намстаршыні кампаніі Аляксандр Саламаха.
Правілы, паводле якіх будуць праводзіцца тэледэбаты, пакуль што не вызначаныя. У прыёмнай старшыні БТРК Аляксандра Зімоўскага нам паведамілі: каментаваць пакуль што няма чаго:
"Аляксандр
Леанідавіч сказаў, што пакуль што няма плану правядзення дэбатаў, таму
ніякага каментару ён пакуль даць не можа. І параіў звярнуцца ў
Цэнтрвыбаркам".
Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік распавёў Еўрарадыё, што ніякага пратакола, паводле якога ў Беларусі маглі б быць праведзеныя тэледэбаты, няма:
"Як
будуць праходзіць тэледэбаты — гэта пакуль Зімоўскі выказваў сваё
ўласнае меркаванне. Рашэнне ж прымае ЦВК. І ў канчатковым варыянце можа
быць і так, і крыху па-іншаму. А можа і добра адрознівацца ад гэтай
прапановы".
Па словах старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, найбольш
верагодна, што тэледэбаты будуць весціся цягам гадзіны. Удзельнічаць у
іх будуць не два, а больш кандыдатаў, а дзея будзе падобнае да
бліц-апытанкі падчас якой "кандыдаты змогуць выкласці свае погляды на самыя галоўныя пытанні быцця і жыцця краіны".
Меркаваныя ўдзельнікі тэледэбатаў ставяцца да гэтага праекта неадназначна. І, з большага, насцярожана:
"Аказваецца, яны збіраюцца ладзіць тэледэбаты ў запісе, — разважае Ўладзімір Някляеў. —
А ў такім выпадку галоўным героем будзе выступаць не кандыдат ці
хто-небудзь іншы, нават не Пракопаў [вядучы Першага нацыянальнага канала
і меркаваны мадэратар тэледэбатаў. — Заўв. Еўрарадыё], а мантаж!"
"Можна так змантаваць праграму, што потым сам сябе не пазнаеш, — па дарозе на пікет дзеліцца з Еўрарадыё досведам Яраслаў Раманчук. —
У 2006 годзе я быў у тэледэбатах, прадстаўляў адзінага кандыдата. І
тады ў студыі ішла адна размова, а тое, што мы пабачылі па БТ, была
зусім іншая рэч!"
Таму Яраслаў Раманчук на тэледэбаты ў запісе, хутчэй за ўсё, не пагодзіцца. Але Ўладзімір Някляеў лічыць, што падставаў для настолькі катэгарычнай пазіцыі няма:
"Я
патэлефанаваў іншым кандыдатам: Саннікаву, Раманчуку. І прапанаваў ім
зрабіць сумесную заяву: трэба ўлічваць нашыя меркаванні таксама. І гэта
можа быць толькі ў жывым эфіры, каб не было ніякага скажэння. Людзі
павінны бачыць усё ў рэальнасці — бачыць, з кім яны маюць справу, што
кандыдат гаворыць, як ён гэта гаворыць, у якіх сітуацыях ён гэта
гаворыць. А не пасля маніпуляцыі тэлетэхнічнымі сродкамі".
Падыходзіць сп. Някляеву і варыянт з перадпраглядам матэрыялу дэбатаў і ўзгадненнем выніковай "карцінкі". А вось Рыгор Кастусёў пойдзе на тэледэбаты ў кожным выпадку, нават калі яны будуць у запісе:
"Калі іншага варыянта не будзе, давядзецца ісці на гэта".
Калі на Першым нацыянальным не прыдумаюць нічога вар'яцкага, возьме ўдзел у тэледэбатах і Віталь Рымашэўскі:
"Сэнсу
адмаўляцца ад дэбатаў я на сённяшні дзень не бачу ніякага. Пытанне,
вядома, у форме, якую абярэ для іх нашае тэлебачанне. Безумоўна, яна
можа быць і абсалютна непрымальная. Але гэта пакажа час. А пакуль я не
бачу падстаў адмаўляцца".
Рыгор Кастусёў спадзяецца, што ў тэлевізіёншчыкаў хопіць смеласці запрасіць яго. А таксама мяркуе, што тэледэбаты праігнаруе "кандыдат №1": "Пабаіцца".
Малюнак: Мікалай Круцікаў.