Шведы з мядзведзікамі маглі жыць у Мінску ля самай... Адміністрацыі

Еўрарадыё знайшло агенцтва, дзе працуе Сяргей Башарымаў (менавіта так гучыць яго прозвішча, а не Башаміраў, як паведамлялася раней). Там асцярожна гавораць, што Сяргей “раптоўна з’ехаў у адпачынак” і нават яго маці не ведае, дзе ён і калі вернецца.

120718 Pilecki_Basharymau.mp3

“Тыдзень, напэўна. Магчыма, дзён 10 адпачывае ўжо. Спантанна так неяк атрымалася, сувязі няма з ім. І маці яго не ведае нічога. Не ведае, калі Сяргей вернецца”.

Далейшыя пошукі інфармацыі аб Башарымаве, які “спантанна з’ехаў у адпачынак”, прыводзяць журналіста Еўрарадыё да яго былога напарніка. Ён пагаджаецца расказаць падрабязнасці знікнення калегі. Праўда, сам ведае няшмат. Нават аб "мядзведжым дэсанце" даведваецца ад журналіста.

Сяргей Башарымаў знік 7 ліпеня, праз 3 дні пасля нелегальнага візіту шведскага самалёта ў Беларусь. Увечары яго маці патэлефанавалі з КДБ і расказалі, што сына падазраюць у саўдзеле ў перасячэнні мяжы групай асобаў. Дакладна ў тым жа, у чым і журналіста Сурапіна.


Башарымаў у пачатку ліпеня здаваў кватэру грамадзянам Швецыі. Верагодна, акурат тым, што суправаджалі акцыю з дэсантаваннем мядзведзікаў. І, як даведалася Еўрарадыё, не проста здаваў, а зарэгістраваў іх у сябе... дома. Гэта неабходная працэдура для ўсіх замежных грамадзян, якія наведваюць Беларусь. Так што знайсці Башарымава для чэкістаў праблемай не было.

Рыэлтар здаваў кватэры па многіх сталічных адрасах. Сярод іх ёсць жыллё па вуліцы Мельнікайтэ, на праспекце Незалежнасці і нават па адрасе... Карла Маркса, 45. Гэта зусім побач з Адміністрацыяй кіраўніка краіны. А менавіта туды, паводле першапачатковага плану шведаў, збіраўся ляцець шведскі самалёт. На жаль, у агенцтве не ведаюць, якую з гэтых кватэр здавалі.

Так выглядае кватэра на Карла Маркса, якую здае Башарымаў.

10-дзённы тэрмін утрымання Башарымава пад вартай скончыўся 17 ліпеня. Аднак раніцай 18-га яго тэлефон па-ранейшаму адключаны, калегі гавораць, што “адпачынак працягваецца”.

Юрыст Гары Паганяйла кажа, што беларускае заканадаўства дазваляе затрымліваць людзей і больш як на 10 дзён.

“Могуць у якасці прафілактычнага затрымання. Гэта калі чалавек падазраецца ў тэрарызме альбо іншых асабліва цяжкіх злачынствах. Тут могуць і 30 дзён трымаць”.

Аднак па падазрэнні ў саўдзеле ў перасячэнні мяжы групай асобаў утрыманне пад вартай больш як на 10 дзён не прадугледжанае. Праўда, у следчых ёсць спосаб абысці гэтае абмежаванне. Хлопцы, што праходзілі па нашумелай справе “аб анархістах”, сядзелі без выстаўлення абвінавачанняў і па два месяцы.

“Па справах аб падпале, так званых хуліганскіх дзеяннях анархістаў, людзей як быццам перазатрымлівалі. Затрымлівалі па падазрэннях у адным злачынстве, а затым, калі тэрмін утрымання пад вартай сканчаўся, аўтаматычна выносілі новую пастанову і затрымлівалі па новых падазрэннях. І так некалькі разоў. Нават па 7-8”.

Лідарам па такой адседцы без абвінавачанняў з’яўляецца старшыня АГП Анатоль Лябедзька. Пасля 19 снежня ён паўгода праседзеў у “амерыканцы”, а абвінавачанняў так і не дачакаўся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі