Швейцарцы замуцілі ў Мінску ЦЭРН, але тэатральны
Беларускім Адронным Калайдарам сталі ўсе залы і калідоры Тэатра Беларускай Драматургіі, дзе цягам двух дзён бесцырымонна сутыкалі тэатралаў з гледачамі.
Гэта называецца сучасны тэатр! Калі наведвальнік адчыняе дзверы, і адразу з гардэробу трапляе на тэатральную сцэну, дзе незразумела, хто акцёр, а хто такі ж азадачаны наведвальнік.
Людзі няспынна перамяшчаюцца па ўсім будынку тэатра, чапляюцца адзін да аднаго, размаўляюць, але ніхто нічога не тлумачыць – бо так задумана. Каб гледачу не было так камфортна, і ён, урэшце, ўспрыняў бы ўсё, што адбываецца, на свой конт.
“Па маіх назіраннях, беларускі глядач ўсё ж хоча гэтай дыстанцыі паміж залай і сцэнай, хоча, каб там адбывалася не тое, што ў жыцці. У нямецкім тэатры зусім па-іншаму. Там тэатр – гэта пляцоўка, дзе кажуць пра тое, што хвалюе тут і цяпер – ад філасофскіх да бытавых праблем”, – расказвае Еўрарадыё Ірына Герасімовіч, куратарка вялікага тэатральнага праекту, вынік якога мінчукі маглі ўбачыць 30 і 31 жніўня ў Тэатры Беларускай Драматургіі.
Называўся гэты праект “летняя тэатральная школа SYPEMEDA” і меў канкрэтную задачу: каб рэжысёры і акцёры з Беларусі, пры супрацоўніцтве з медыя-дызайнерамі са Швейцарыіі і Германіі, зрабілі сумесны прадукт – прадукт сутыкнення дзвюх тэатральных традыцый.
За канцэпцыю ўзялі “Вавілонскую вежу”.
“Гэты ўсім вядомы біблейскі міф стаў кропкай старту, – тлумачыць Еўрарадыё беларускі рэжысёр і акцёр Аляксандр Марчанка. – На пачатку мы мелі толькі гэтую ідэю, і адна з каштоўнасцей нашага праекту – магчымасць ўбачыць, што можа атрымацца з ідэяй, калі вакол яе сабраць розных людзей”.
Атрымаўся дзесятак розных перфомансаў, якія падзялілі “Вавілонскую вежу” на “Патрыятызм”, “Непаразуменне звычайнае”, “Эфект прысутнасці”, “Індывід і масу”, “No communication”, “Нараджэнне мовы” і г.д. – актуальныя, злабадзённыя і патрэбныя тут і цяпер тэмы.
Напрыклад, на перфомансе “Патрыятызм” можна было ўбачыць, як сварацца беларуская актрыса са швейцарскім акцёрам. Яны расказвалі адзін аднаму пра праблемы, якія існуюць, як ім падавалася, толькі ў іх краінах:
“Разумееш, калі ў аўтобусе летам горача, духота і вокны не ад-чы-ня-юцца. І ў тым жа аўтобусе, зімой, калі мароз – не за-чы-няюцца”.
“Той, хто ведае дзве мовы, змог зразумець сэнс гэтага перфомансу, а менавіта: акцёры казалі адное і тое ж, адзін і той жа тэкст, толькі актрыса з Беларусі Алеся казала на рускай, а Алівер са Швейцарыі – на нямецкай!” – тлумачыць куратарка SYPEMEDA Ірына Герасімовіч.
Па натхнёных вачах усіх акцёраў і рэжысёраў было бачна, што яны перажылі нейкае новае жыццё і атрымалі ўнікальны досвед. Як далей яны будуць ім карыстацца – пакажа час, але цалкам верагодна, што беларускі традыцыйны тэатр усё ж чакаюць вялікія змены.
“Было б добра, зрабіць пастаяннай такую міжнародную летнюю тэатральную школу менавіта ў Мінску – кажа Еўрарадыё Валяр’ян Малы (Valerian Maly), прафесар Універсітэта Мастацтваў Берна. – Бо тут вельмі прыемнае і ў той жа час асаблівае месца, якое мае вялікую і тэрміновую патрэбу ў пераасэнсаванні мастацтва”.
Больш фота ў Фэйсбуку Еўрарадыё.