Спадарожнік нашчоўкаў больш за сто фота, але бясплатна іх не пакажуць

Еўрарадыё спыталася ў мінчукоў, для чаго патрэбны беларускі касмічны апарат.


“Навошта патрэбны беларускі спадарожнік? Каб сачыць за беларусамі, за апазіцыяй. Я была вельмі здзіўлена, што яго ўвогуле запусцілі. Але ў той жа час гэта прыемна — што навука беларуская не стаіць на месцы. Можа нам удасца штосьці адкрыць для ўсяго свету”, — здзіўляе аптымізмам мінчанка.

Частка жыхароў сталіцы не ведае, чым займаецца ў космасе беларускі спадарожнік, а яшчэ колькі чалавек абурае такі падыход да справы:

“Навошта запусцілі? Грошай не было куды дзяваць, вось і запусцілі”. “Ну, колькі спадарожнік праляціць над тэрыторыяй Беларусі? Ну, мо пару гадзін раз на тры дні. Думаю, не ў час яго запусцілі. Эканамічная сітуацыя ў краіне вельмі дрэнная, а тут спадарожнік…”.

Цікава, што так лічаць і сталыя людзі, і моладзь.

Мінчукі Аляксей і Марына заўважаюць, што спадарожнік — рэч хутчэй іміджавая: запусцілі, каб далучыцца да касмічных дзяржаў.

“Спадарожнік будзе дапамагаць нам прадказваць больш дакладна надвор’е, рабіць здымкі нейкіх прыродных змен”, — радуе чарговым адказам мінчанка.

Толькі некалькі чалавек адказваюць, што спадарожнік будзе “рабіць нейкія даследаванні”, але якія дакладна  ніхто з апытаных адказаць не можа.

Між тым, як лічаць супрацоўнікі прадпрыемства “Геаінфармацыйныя сістэмы”, спадарожнік не толькі пакрые неабходнасць Беларусі ў касмічных здымках, але іх можна будзе прадаваць і іншым дзяржавам. Прыбыткі на здымках вельмі хутка акупяць выдаткаваныя на запуск касмічнага апарата грошы. Нагадаем, што гэта пайшло 16-17 мільёнаў долараў.

“Безумоўна, цікавасць да здымкаў ёсць. Патэнцыйная цікавасць у многіх, а як будзе далей... У Расіі ў тым ліку”.

У “Геаінфармацыйных сістэмах” кажуць, што зараз ідзе наладка касмічнага апарата. Гэты працэс будзе цягнуцца да канца кастрычніка.

“Мы здымаем увесь свет, у тым ліку і Беларусь. Ёсць і цікавыя здымкі. Але гэтыя здымкі носяць тэхнічны характар, для таго, каб зрабіць наладку тэхнікі. Казаць пра іх камерцыю, пра выхад на рынак рана. Нам трэба засведчыць, што якасць інфармацыі адпавядае параметрам”.


На сёння існуе каля тысячы мікраздымкаў і больш за сотню здымкаў, зробленых беларускім спадарожнікам. Але вось паглядзець іх звычайныя грамадзяне нават пасля ўсіх наладак не змогуць.


“Толькі фрагменты будуць нейкія ці паменшаныя памеры. Проста так выкладваць у інтэрнэт, каб усе глядзелі і капіравалі, — гэта не тая схема, паводле якой мы будзем працаваць”.



Беларускі спадарожнік запушчаны 22 ліпеня 2012 з касмадрома Байканур у Казахстане. Плануецца, што ён забяспечыць поўнае пакрыццё тэрыторыі Беларусі касмічнай здымкай. Тэрмін актыўнага існавання беларускага касмічнага апарата складае пяць гадоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі