Стварыць уласны традыцыйны строй можна за год
А навучыцца гэтаму тонкаму працэсу, а таксама народным спевам і танцам можна ў школе традыцыйнага мастацтва, якая нядаўна пачала дзейнічаць у сталіцы.
У Мінску адкрылася школа традыцыйнага мастацтва. Яе ідэолагам і стваральнікам стаў этна-гурт Guda. Па словах удзельніцы гурта і выкладчыцы спеваў Вікторыі Міхно, мэтай школы з’яўляецца адраджэнне нацыянальных традыцый для практычнага карыстання і разумення эстэтыкі традыцыйнага мастацтва кожным, хто гэтым цікавіцца.
Вікторыя Міхно: “Беларусам ад сваіх дзядоў і бацькоў перайшла незвычайная і вельмі багатая спадчына, на каторую забыліся, каторую не выкарыстоўваюць для сябе, для ўласных сваіх мэтаў. Для сваёй уласнай прыгажосці, дзеля свайго уласнага дабрабыту, дзеля дызайну свайго хатняга інтэр’еру. Хацелася б, каб такой несправядлівасці не было”.
У незвычайнай школе, вучнямі якой у летні перыяд сталі дзяўчаты і жанчыны, выкладаюцца традыцыйныя беларускія спевы, танец і рамёствы. Прычым, навучыцца тут можна як пляценню простых паясоў, якія некалі насілі нашы бабулі, так і стварэнню свайго уласнага традыцыйнага строю. Дарэчы, стварэнне ўласнага традыцыйнага строю стала новай моднай тэндэнцыяй, якую беларускі актыўна падтрымалі.
“Пры ўсіх магчымасцях замовіць ці купіць строй, хочацца ўсё ж мець зробленае ўласнымі рукамі. Кіруемся мы тым, я ў прыватнасці, - так нам параілі, каб усё ж такі мы абіралі строй таго рэгіёну, адкуль паходзяць нашы бабулі, дзяды, - распавядае Святлана, якую мы засталі акурат пры распрацоўцы свайго строю. - Бо гэтак мы падаўжаем традыцыю нашэння пэўнага строю сваіх продкаў, прынамсі, спрабуем гэта неяк актуалізаваць”.
На думку выкладчыцы школы, мастачкі Вольгі Кашкурэвіч, пры вялікім жаданні кожная ахвочая жанчына здолее зрабіць уласны строй за год. Маўляў, калі жанчыны без адукацыі рабілі такую прыгажосць, дык мы з адукацыяй таксама мусім даць рады!
Вольга Кашкурэвіч: “Усё залежыць ад занятасці дзяўчыны. Бо строй – гэта не тое, што прыйшоў на занятак – і зрабіў. Гэта 90 адсоткаў самастойнай працы. Я магу паказаць тэхналогію, я магу навучыць нешта рабіць, але я не зраблю за чалавека – гэта ж натуральна. Калі ў чалавека будзе час, то за год займець строй рэальна”.
Дарэчы, падчас візіту Еўрарадыё ў школу традыцыйнага мастацтва, Вікторыя Міхно паўстала перад вучаніцамі школы ў традыцыйным строі, блізкім да рэгіянальнага вілейскага. Неверагодную кашулю і фартух для Вікторыі зрабіла Вольга Кашкурэвіч.
“Тое, што вы бачыце на мне – гэта вынік вялікай інтэлектуальнай працы, ну і, безумоўна, працы ручной, - дэманструе Вікторыя свой убор. - Гэта вельмі крапатлівая работа, але і вельмі ўдзячная. Бо прыгажосць, якая з’яўляецца ў выніку – непараўнальная ні з чым. Беларускі традыцыйны строй – гэта шэдэўр. І куды б не прыязджала Guda на фестывалі, заўжды з’яўляецца вялікі натоўп прыхільнікаў, якія кажуць: “А, якія яны белыя! О, якое тут чырвонае! О, якія яны прыгожыя!”
Апроч урока па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, Еўрарадыё наведала занятак спеваў, дзе вучаніцы маюць магчымасць пазнаёміцца з песнямі беларускага календара, а таксама з манерай выканання народных песень для таго каб святкаваць народныя святы, да прыкладу, Каляды, Масленку, ў сваёй сям’і. Як адзначае Вікторыя Міхно, галоўнае ў школе – зацікаўленне ў працэсе выкладчыкаў і вучняў, адсюль – адметны вынік.
Вікторыя Міхно: “Адна з галоўных рысаў школы – гэта індывідуальны падыход да кожнай з вучаніц, і вельмі невялікія групы. Апроч таго, выключная асаблівасць школы ў тым, што нашы выкладчыкі па рамёствах – мастакі, і мы ствараем не проста рамесныя вырабы, а мастацкія творы”.
Школа традыцыйнага мастацтва будзе адчыненая цягам года. З надыходам восені адкрыюцца дзіцячыя групы: дзеткі атрымаюць магчымасць пазнаёміцца са старажытнымі легендамі і казкамі, рыхтаваць разам з выкладчыкамі святкаванне Калядаў ды гуканне вясны. Дадатковую інфармацыю пра школу традыцыйнага мастацтва можна атрымаць на сайце гурта Guda www.guda.fromby.net.