“Супольны гамон” прайшоў пад крыкі “Горка!”

Супольны гамон” стаў фінальным расчараваннем у размовах пра канец свету. Хацелася адарвацца напоўніцу, усё ж, апошнія гадзіны перад “апакаліпсісам”, а не атрымалася.

Не, справа не ў гуртах “Разбітае сэрца пацана” ды Pomidor/OFF! Акурат яны адпрацавалі на ўзроўні. Нават здзівіла, што ўсе вакалісты абодвух калектываў у ноты не траплялі толькі ў рэдкіх выпадках. Звычайна яны любяць гэтым грашыць. Тут, можа, боязь хуткага адказу за ўсе грахі спрацавала, а можа, проста пажадалі запомніцца прыхільнікам у лепшым выглядзе…

І вось, нягледзячы на выдатную працу музыкаў, выкананне асноўных хітоў ад РСП і дваццаць! песень ад мінулагодніх Рок-каралёў, жахліва адладжаны гук у Re:Public моцна псаваў настрой і… слых.

“Працягваючы тэму сусветнага здзяца, мы выканаем нашу зусім новую песню, — абвясціў лідар “РСП” Дзяніс Тарасенка ужо на песні трэцяй. — Прысвячаецца яна ўсім тым людзям, якія хутка ўляцяць, ці ўжо ўляцелі ў цёплыя краіны. Тым, што за тры дні здольныя зарабіць касар еўра, а на раніцу пра гэтае нават не ўзгадаць. “Вам, наркаманам, нас алкаголікаў не паняць!


У выніку, хлопцы прэзентавалі дзве цалкам новыя песні, другая — таксама з правакацыйнай назвай: “Я бы вдул”. А вось абяцаны напярэдадні дуэт з Аляксандрам Памідоравым, у якім ён мусіў дадаць “чытку” ў песню “Калі я п’яны — я культавы”, так і не быў выкананы.

“Хлопцы позна прыехалі, у іх часу засталося толькі на саўнд-чэк, — на курылцы за кулісамі патлумачыў прычыну Памідораў. — Але, можа, зробім калі-небудзь, ідэя нядрэнная”.


Затое, разам з Pomidor/OFF на сцэне з’явіўся лідар “ПалацаАлег Хаменка і заспяваў асноўны хіт з альбома “Патас/Попс/Прапаганда” “Радыё”. Прычым, Алег выйшаў з прыгожай чорна-чырвонай мелодыкай, на якой выканаў пройгрышы песні. Але і тут “выдатна” адладжаны гук не падвёў, ні Алега ні мелодыкі чуваць не было, затое, выглядалі яны ўсе разам маляўніча.

І вось такімі няроўнымі ды незразумелымі маглі застацца эмоцыі ад апошняга вечара перад апакаліпсісам, калі б не жыццесцвярджальнае здарэнне. Пасярэдзіне выступу “пацаноў” Дзяніс выклікаў на сцэну хлопца, які, нягледзячы на відавочнае хваляванне, прызнаўся ў каханні дзяўчыне ды зрабіў ёй прапанову.

“Я хачу каб ты нарадзіла мне дзяцей, каб мы састарэлі разам, Наста, ты выйдзеш за мяне?” —дрыжачым голасам спытаў хлопец. — “Так!” — адказала, нават, пракрычала дзяўчына без роздумаў і пачалося сапраўднае вяселле: крыкі “Горка!”, пацалункі на некалькі хвілінаў пад харавы падлік секундаў, алкаголь ракой і хараводныя скокі…

Калі напярэдадні канца свету маладыя людзі абсалютна шчыра робяць прапановы, ды збіраюцца сустрэцца разам, то ніякага “Супольнага гамону” быць не можа! Дакладней, ён ужо адбыўся 20 снежня ў клубе Re:Public пад музыку Pomidor/OFF ды “РСП”. А сёння мы ўжо жывем у новым, крыху лепшым свеце!)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі