Сяргей Шнураў і “Ляпіс Трубяцкой” выступяць на новым рок-фэсце пад Мінскам

Гурты “Ляпіс Трубяцкой” і “Рубль” Сяргея Шнурава стануць хэдлайнерамі новага рок-фестывалю “Паляна”. Ён адбудзецца 29-га траўня ў спарткомплексе “Сілічы” пад Мінскам. Пра гэта Еўрарадыё распавёў адзін з арганізатараў фэсту Яўген Новаш:

Яўген Новаш: “Гасцямі і ўдзельнікамі фестывалю будуць дзве маладыя беларускія каманды: “Unia”, якія граюць нью-метал-фольк і ска-панк-гурт “Пару Рублёў”. Яны будуць разаграваць двух тытанаў беларускага і расійскага шоў-бізнесу: з Расіі да нас прыедзе Сяргей Шнураў са сваім новым праектам “Рубль”. А з боку Беларусі сваю новую праграму “Культпрасвет” прадставіць гурт “Ляпіс Трубяцкой”.

Дарэчы, каб выступіць на “Паляне” “Ляпісы” нават адмовіліся ад сольнага канцэрта ў Мінску, які планаваўся ў рамках “Культпрасвет-туру”.

Паводле Яўгена Новаша, выступы хэдлайнераў будуць суправаджацца адмысловай відэаінсталяцыяй, сутнасць якой пакуль трымаецца ў таямніцы.

Фэст “Паляна” пачнецца ў 17.00 і працягнецца 6 гадзін. Даехаць на яго можна на аўтобусах, якія будуць курсіраваць паміж Мінскам і “Сілічамі”. Схемы даезду і расклад руху ў хуткім часе з’явіцца ў інтэрнэце і на рэкламнай прадукцыі фестывалю.

Дзеля таго, каб набыць больш-менш танны квіток, аматарам Міхалка і Шнура трэба паспяшацца: на наступным тыдні ў продажы з'явяцца квіткі па 40 тысяч беларускіх рублёў. А іх толькі 1000:

Яўген Новаш: “Першая тысяча білетаў, так званая фанская тысяча для найбольш адданых прыхільнікаў, будзе па кошце 40 тысяч рублёў за квіток. Усе астатнія квіткі будуць каштаваць 50 тысяч рублёў, што дастаткова танна і дасяжна для сярэднестатыстычнага грамадзяніна нашай краіны альбо гасцей нашай сталіцы”.

Арганізатары чакаюць каля 7 тысяч гледачоў і мяркуюць, што фэст з часам стане традыцыйным і міжнародным без асаблівых жанравых абмежаванняў:

Яўген Новаш: “Мы хочам аб’яднаць музычныя культуры розных краін. Фэст не абмежаваны жанрава – вы гэта пачуеце і пабачыце сёлета. На тое ён і фестываль, каб паказаць, што існуе мноства цікавых стыляў і музычных напрамкаў. У нас – гэта рок-музыка”.

А вось піва, традыцыйнае для еўрапейскіх рок-фестываляў, на “Паляне” прадаваць не будуць.

Фота: peoples.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі