У бабруйскай калоніі вязням забараняюць кантактаваць з Алесем Бяляцкім
Пра гэта паведаміла супрацоўніца інфармацыйна-асветніцкай установы "Платформа" Алена Красоўская-Каспяровіч.
Па яе словах, якія пераказвае БелаПАН, нядаўна "Платформа" атрымала ліст ад былога вязня бабруйскай калоніі, які нядаўна вызваліўся. Ён і паведаміў пра ціск на праваабаронцу, які знаходзіцца ў гэтай калоніі. Усіх вязняў, з якімі кантактуе Бяляцкі, выклікаюць у штаб калоніі для прафілактычных гутарак. Адміністрацыя калоніі ўвяла фактычную забарону на кантакты з праваабаронцам і пагражае карамі за парушэнне забароны, кажа Красоўская-Каспяровіч.
Нагадаем, што ў лістападзе 2011 года Бяляцкага асудзілі на чатыры з паловай гады калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Яго прызналі вінаватым ва ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры. Суд не прыняў да ўвагі, што грошы выкарыстоўваліся на праваабарончую дзейнасць, а не былі прыбыткам Бяляцкага.