У Беларусі стала вадзіцца больш кляшчоў

Некаторыя эпідэміёлагі сведчаць, што сезонная актыўнасць кляшчоў павялічылася дзякуючы цёпламу і вільготнаму надвор’ю. Пра гэта Еўрарадыё паразмаўляла намеснік генеральнага дырэктара навукова-практычнага цэнтра НАН па біярэсурсах Альжбетай Бычковай.

Еўрарадыё: У Беларусі з’явіўся нейкі вельмі небяспечны від кляшчоў, ці так гэта?

Бычкова: На тэрыторыі Беларусі на сёння нічога новага з іксодавых кляшчоў, не з’явілася. Гэтыя ўсе віды, якія існуюць сёння, яны існавалі даўно. Верагодна, гаворка ідзе пра таёжнага кляшча. Гэты від у нас існаваў і раней, толькі колькасць была дастаткова нізкай. І сёння ён таксама сустракаецца рэдка. Спецыяльныя даследаванні па распаўсюджанні гэтага віду кляшчоў на тэрыторыі Беларусі вяліся ўжо даўно, недзе ў 50 гадах. Справа ў тым, што тут няма нічога дзіўнага. Па тэрыторыі Беларусі праходзіць паўночна-заходняя мяжа арэала дадзенага віду. І знаходжанне яго ў Беларусі – гэта натуральна. Што тычыцца колькасці кляшчоў і змянення клімату. Тут адназначна адказаць нельга, такія даследаванні не праводзіліся. Я ўпэўненая, што існуе шэраг іншых фактараў, якія ўплываюць на рост колькасці іксодавых кляшчоў.

Еўрарадыё: Як гэтыя кляшчы дабраліся да Беларуси?

Бычкова: Сама назва кляшча – таёжны - кажа пра тое, што ён аддае перавагу хваёвым лясам паўночнай часткі Беларусі. Ён не з’явіўся, ён і быў на тэрыторыі Беларусі. Гэта рэдкі від, які даследчыкамі не знаходзіўся.

Еўрарадыё: Калі гэты таёжны клешч укусіў, што трэба рабіць?

Бычкова: Тое ж, што і калі б вас укусіў любы клешч. Калі вы знайшлі на сабе кляшча, вы яго павінны зняць, пакласці ў прабірку і аднесці ў бліжэйшую санэпідслужбу. Вам правядуць даследаванне, ці ўтрымлівае гэты клешч барэліі, і дадуць афіцыйнае заключэнне, носьбітам якіх патагенных бактэрый ён з'яўляецца.

Еўрарадыё: Ці робіцца нешта, каб іх знішчыць?

Бычкова: Санітарна-эпідэміялагічнай службай, па-першае, праводзіцца ўлік іх колькасці, вядзецца маніторынг колькасці. І санітарна-эпідэміялагічная служба дакладна ведае, якая сітуацыя ў нас з колькасцю іксодавых кляшчоў. Зразумела, тэрыторыі, якія наведваюцца людзьмі, санітарна-эпідэміялагічная служба праводзіць іх апрацоўку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі