У Брэсце адмянілі пастаноўку па п'есе Паўла Пражко
Прачытанне твора "Майткі" тэатр "Крылы халопа" планаваў правесці 18 снежня ў арт-клубе "Кирпич".
Аднак тэатралам нечакана паставілі ўмову — папярэдне мусіць адбыцца прагляд мастацкай камісіі. У яе склад увайшлі чыноўнікі "ад культуры" і тэатральныя рэжысёры Брэста.
10 снежня пасля "ацэнкі" пастаноўку забаранілі для прагляду. Сярод прычын сябры камісіі назвалі вялікую колькасць ненарматыўнай лексікі, незразумеласць сюжэту, беднасць тэатральнай эстэтыкі. Апошняе выявілася ў адсутнасці тэатральных касцюмаў і сцэнаграфіі, хоць ад пачатку "Майткі" былі заяўленыя як чытка, а не спектакль.
Беларускі драматург і сцэнарыст Павал Пражко першую п'есу напісаў у 2004 годзе. З гэтага часу пераважна працуе ў Расіі. Яго п'есы перакладзены на польскую, нямецкую і фінскі мовы. Аўтар — удзельнік міжнародных тэатральных фестываляў, чыток і конкурсаў.
Са словаў актора тэатра Алега Гарбацюка, з пяці сябраў камісіі толькі адзін чалавек быў знаёмы з творчасцю Паўла Пражко. Тым не менш калектыў паспрабуе паставіць п'есы Пражко, якія амаль не паказваліся на радзіме аўтара.
Гарбацюк: "Вядома, будуць спробы, мы будзем шукаць памяшканне, бо ў нас ёсць свой глядач, і проста так пакінуць гэта мы не можам. Нельга слухаць толькі тых людзей, якія мала што разумеюць у сучаснай драматургіі і ставяцца да нас як да аматараў. Думаю, у наступным годзе мы ўсё ж такі гэта зробім".
Нагадаем, што пастаноўкі тэатра "Крылы халопа" забараняюць не ў першы раз. У Кобрыне вулічны спектакль па творах Хармса "ЗваніцьЛяцець" адмянілі літаральна за гадзіну да пачатку. Перфоманс брэсцкіх актораў супаў са святочнымі мерапрыемствамі да парламенцкіх выбараў 23 верасня.
Фота з расійскай пастаноўкі "Трусы" — afisha.net