У Брэсце "Дай дарогу!" усё ж такі сыграюць песні з апошняга альбома
Прэзентацыя ў родным горадзе каманды дыска "Сквозь г..вно!" адклалася амаль на паўтары месяцы.
Сольны канцэрт брэсцкіх панкаў запланаваны на 15 снежня. Пляцоўкай для выступу быў абраны ўсё той жа клуб "Сфера", дзе папярэдні канцэрт "ДД!" быў адменены.
Са словаў лідара гурта Юрыя Стыльскага, гарантый, што канцэрт адбудзецца, вядома, няма, але музыкі спадзяюцца на лепшае.
Стыльскі: "Нам у любым выпадку хочацца верыць у лепшае, што насамрэч мінулыя забароны — гэта былі "дробныя сутаргі", а не сур'ёзны дыягназ з ампутацыяй! Думаю, што ўсё пройдзе на нармальным узроўні, і ўсё ў нас атрымаецца!".
Адмена папярэдніх выступаў не напалохала фанатаў — на колькасці прададзеных квіткоў гэта не адбілася. Дарэчы, шмат хто з іх ў знак салідарнасці з любімым гуртом нават не патрабаваў вярнуць грошы за квіткі на адменены канцэрт. Як адзначыў Стыльскі, усе яны без праблем змогуць трапіць на прэзентацыю альбома ў гэтую нядзелю.
Нагадаем, што на пачатку лістапада ў гурта "Дай дарогу!" па незразумелых прычынах адмяніліся адразу два канцэрты. Першы быў прызначаны на 3 лістапада ў Брэсце, другі — на 6 лістапада ў Гродне.
-->
-->