У Літве асуджаюць рэпрэсіі супраць эколагаў у Беларусі
Некалькі літоўскіх экалагічных арганізацый у чацвер прынялі заяву па апошніх падзеях у нашай краіне.
Яны асуджаюць затрыманне і асуджэнне на адміністрацыйны арышт беларускага эколага Таццяны Новікавай (на здымку) і расійскага фізіка-ядзершчыка Андрэя Ажароўскага.
Нагадаем, што Новікаву затрымалі ў сераду ў Мінску разам з Ажароўскім. Крыху пазней схапілі эколагаў Ірыну Сухій і Міхаіла Мацкевіча. Усіх абвінавацілі ў "дробным хуліганстве". Усе яны — актывісты антыядзернага руху. 18 ліпеня яны планавалі перадаць у расійскую амбасаду зварот супраць падпісання генкантракта на будаўніцтва беларускай АЭС. Новікава была асуджаная на 5 сутак арышту, Ажароўскі — на дзесяць сутак, Мацкевіч — на трое. Ірына Сухій аштрафаваная на 1,5 млн рублёў.
Літоўскія экалагічныя арганізацыі заклікаюць міністра замежных спраў Літвы прыняць усе неабходныя захады для вызвалення эколагаў.