У Лізе чэмпіёнаў БАТЭ згуляе з Барселонай, Міланам і Вікторыяй
Лёсаванне адбылося сёння ў Манака.(ДАДАЎСЯ РАСКЛАД МАТЧАЎ і КАМЕНТАР КАПСКАГА)
У групавым этапе Лігі чэмпіёнаў БАТЭ згуляе ў групе Н разам з Барселонай і Міланам. Чацвёртым клубам у групе стала чэшская “Вікторыя”. Лёсаванне адбылося сёння ў Манака.
Група А
|
Група B
|
Група С
|
Група D
|
Група Е
|
Група F
|
Група G
|
Група Н
|
Расклад гульняў:
13 верасня: “Вікторыя” – БАТЭ
28 верасня: БАТЭ – “Барселона”
19 кастрычніка: “Мілан” – БАТЭ
1 лістапада: БАТЭ – “Мілан”
23 лістапада: БАТЭ — “Вікторыя”
6 снежня: “Барселона” — БАТЭ
“На мой погляд, з першых двух кошыкаў нам патрапіліся наймацнейшыя сапернікі. У тым ліку і “Барселона” – лепшая каманда свету, і ніхто не будзе з гэтым спрачацца, – каментуе вынікі лёсавання Капскі. – Мы ноччу размаўлялі з хлопцамі. Я так разумею, што яны самі ставяць перад сабой нейкія турнірныя задачы. Добра, што прыедзе “Барселона”, народ парадуецца. Але мы спартоўцы і, у першую чаргу, гуляем, каб самім радаваць сваіх заўзятараў і каб дабівацца нейкіх поспехаў. Але ёсць, як ёсць – будзем гуляць. Што тычыцца “Мілана”, то ён быў адным з самых непажаданых сапернікаў з другога кошыка, і ён нам патрапіўся. З “Міланам” будзем сустракацца не ўпершыню. Хаця гэта абсалютна іншая каманда, зусім іншыя гульцы. Тады там былі вялікія футбалісты, як Мальдзіні ці Шаўчэнка, і Гатуза гуляў з намі. Будзем змагацца”.
БАТЭ ніколі не гуляў супраць “Барсы” і “Вікторыі”, а вось з італьянцамі барысаўчане сустракаліся 10 гадоў таму – у верасні 2001 года. Тады ў 1-м кваліфікацыйным раўндзе Кубка УЕФА БАТЭ спачатку прайграў Мілану дома 0:2, а пасля і ў гасцях – 0:4. Цяпер у Барысава ёсць шанс узяць рэванш. Да таго ж, на думку Капскага, шансы выйсці з групы ёсць.
“А чаму ж не? Будзем змагацца, пастараемся гуляць на вынік”, – не засмучаецца Капскі.
Перад лёсаваннем плэй-оф старшыня праўлення клуба казаў, што непажадана, каб выпадала каманда з былога сацлагеру, у тым ліку і “Вікторыя Пльзень”.
“Нічога, што патрапілася “Вікторыя”, – мяркуе Капскі. – Не лічу, што мы слабейшыя за іх. З пункту гледжання еўракубкавых выступаў мы больш дасведчаныя, бо чэхі гуляюць на такой стадыі ўпершыню. Апошнія гады яны не гулялі нават на ўзроўні Лігі Еўропы. Нельга сказаць, што мы іх абавязкова перайграем, але гэта каманда нашага ўзроўню, і мы будзем старацца дабіцца максімальнага выніку. Увогуле, мы дабіліся добрага выніку, у тым ліку з пункту гледжання фінансавых магчымасцяў. Мы трапілі ў групавы турнір Лігі чэмпіёнаў і гэта ўжо дасягненне. Слабых каманд апрыёры не бывае. Але ў той жа час мы самая бедная ці адна з самых бедных па бюджэце каманд”.
Фота: photo.bymedia.net